Урбановіч Уладзімір Аляксандравіч

Уладзімір Урбановіч – педагог-наватар, былы настаўнік Валеўскай сярэдняй школы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, стваральнік літаратурнага аддзела Валеўскага народнага гісторыка-краязнаўчага музея, мовазнаўца.

 Ён быў адным з самых вядомых у Беларусі краязнаўцаў, педагогаў, вандроўнікаў, калекцыянераў, музейшчыкаў. Апантана ўлюбёным у свой родны край чалавекам. А яшчэ – шчырым беларусам, дэлегатам Устаноўчага з’езда ТБМ у Мінску.

Нарадзіўся   2 жніўня 1921 года ў вёсцы Пудзіна Навагрудскага раёна. У 1932 годзе ён скончыў пяць класаў і працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У 1938 годзе экстэрнам здаў экзамен за сямігодку і ў 1939 годзе паступіў у Жыровіцкую польскую сельскагаспадарчую гімназію Слонімскага павета. Падчас акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Навагрудку, пасля якіх працаваў настаўнікам у пачатковых класах у Лідзе і ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. Пасля вайны завочна скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча і літаратурны факультэт Гродзенскага педінстытута. А калі скончыў педынстытут, то ўладкаваўся настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Райцаўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна, а з 1959 года – працаваў у Валеўскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна.  Выдатна жылося і працавалася Уладзіміру Урбановічу ў вёсцы Валеўка Навагрудскага раёна. Гэты чалавек быў адукаваны, ад Бога таленавіты і шчыры. Ён, ці не адзін з першых у тыя пасляваенныя гады, напісаў і выдаў у Беларусі краязнаўчую кнігу «Па дарагіх мясцінах» (Мн., 1964), дзе дзяліўся вопытам краязнаўчай работы па беларускай літаратуры ў сваёй Валеўскай сярэдняй школе. Настаўнік Уладзімір Урбановіч у той час паказаў і апісаў, як трэба выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял на ўроках. Вывучаючы жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама пісьменнікаў-землякоў, ён з вучнямі на веласіпедах і пяшком абышоў, аб’ехаў, і зноў жа апісаў тыя мясціны, дзе нарадзіліся пісьменнікі, творчасць якіх вывучалі ў школе. Настаўнік-краязнавец са школьнікамі наведаў мясціны Адама Міцкевіча, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, літаратурную Баранавіччыну, Дзятлаўшчыну, Навагрудчыну, Стаўбцоўшчыну, Слонімшчыну і Уздзеншчыну, збіраючы новыя звесткі пра творчасць беларускіх літаратараў, запісваючы не толькі ўспаміны сваякоў, але і займаўся зборам вуснай народнай творчасці.  У Валеўскай сярэдняй школе краязнаўчы музей быў створаны яшчэ ў 1955 годзе. У ім былі гісторыка-этнаграфічны і аддзел прыроды. Калі ў школу прыехаў на працу Уладзімір Урбановіч, то ён дапоўніў музей літаратурным аддзелам. Уладзімір Аляксандравіч па ўсім свеце збіраў для музея розныя экспанаты. Ужо ў 1980 годзе ў Валеўскім народным краязнаўчым музеі налічвалася 1895 экспанатаў, з іх 978 – арыгінальных. Тады ў музеі былі каштоўныя рэчы, звязаныя з «Хронікай Быхаўца», з гісторыяй Любчанскай друкарні, матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, кнігі, паштоўкі, выдадзеныя суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца», друкарнямі Марціна Кухты і «Нашай нівы». Шырока была прадстаўлена заходнебеларуская літаратура, а таксама газеты і часопісы таго часу, фотаздымкі беларускіх літаратараў, каштоўныя дакументы. У 1970 годзе Уладзімір Урбановіч выдаў сваю чарговую кнігу «Шляхамі паэтаў і герояў».У «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» ёсць невялікая згадка пра Уладзіміра Урбановіча, дзе напісана, што ён з’яўляецца і аўтарам шэрагу артыкулаў па методыцы выкладання беларускай літаратуры, арганізацыі навучальнага працэсу, спалучэння школьных і пазашкольных заняткаў. Пра краязнаўства ў выкладанні беларускай літаратуры ў старэйшых класах, ролю краязнаўчага матэрыялу ў патрыятычным выхаванні вучняў, краязнаўства на службе ў настаўнікаў рускай і беларускай моваў, эстэтычнае выхаванне ў паходах па роднаму краю. А таксама пра дзясяткі іншых распрацаваных настаўнікам-краязнаўцам Урбановічам тэмаў, якія не састарэлі і сёння, іх смела можна прымяняць у школах, гімназіях і ліцэях. За сваю педагагічную і краязнаўчую дзейнасць Уладзімір Урбановіч быў узнагароджаны рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама значком «Выдатнік народнай асветы». Пасля смерці ( памёр 2 лютага 1999 года ў Валеўцы, дзе і пахаваны) яго пасмяротна занеслі ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна.

Працы:

  1. Урбановіч, У. А. Па дарагіх мясцінах / У. А. Урбановіч. – 1964.
  2. Урбановіч, У. А. Шляхам папаэтаў і герояў / У. А. Урбановіч. – 1970.

Бібліяграфія:

  1. Слонімскі, С. Ён моцна любіў родны край [тэкст] / Сяргей Слонімскі ; фота // Полымя. – 2021. — № 9. — С. 120—131.
  2. Час спагадлівым не бывае : гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. – Мінск, 2016. – С. 87—111.
  3. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 364.

Добавить комментарий