Усціновіч Ганна Канстанцінаўна

 

Ганна Канстанцінаўна Усціновіч нарадзілася 5 мая 1935 г. у вёсцы Купіск Навагрудскага раёна. У 1949 г. скончыла школу і паступіла ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Потым стала студэнткай гісторыка-філалагічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). У 1958 г. пачала працаваць на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка сектара слоўнікаў Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Даследчы шлях А. Усціновіч непарыўна звязаны з гэтай установай. Першая навуковая справа, да якой яна далучылася ў інстытуце, — падрыхтоўка акадэмічнага “Беларуска-рускага слоўніка” (убачыў свет у 1962 г.).

Кандыдацкія экзамены А. Усціновіч здала экстэрнам, а дысертацыю “Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны XIV-XVIII стст.” Паспяхова абараніла ў 1970 г. Ужо ў 1975-м выйшла аднайменная манаграфія, дзе значная частка інфармацыі пададзена ў выглядзе антрапанімічнага гістарычнага слоўніка. У ім знаходзім паметы, якія гавораць пра канфесійную прыналежнасць імені, яго паходжанне, ёсць звесткі пра ўжыванне імені ў пісьмовых крыніцах.

Актыўна ўдзел А. Усціновіч узяла і ў падрыхтоўцы такой фундаментальнай працы, як “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (1977-1984). Толькі ў першым томе яе аўтарству належыць 842 слоўнікавыя артыкулы на літары А, Б, В; таксама яна была памочнікам рэдактара на першым і завяршальным этапах работы па рэдагаванні тома. А усяго аб’ём падрыхтаваных для слоўніка матэрыялаў складае каля 70 аўтарскіх аркушаў. Даследчыцу заўсёды цікавілі і пытанні культуры мовы. Для выдання “Беларуская мова: цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі” (1987), прызначнага ў першую чаргу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, яна напісала раздел “Словаўжыванне”.

Зрабіла свій унёсак юбілярка і ў беларускую дыялекталогію. Ёю запісана нямала каштоўных дыялекталагічных звестак ад носьбітаў роднай гаворкі — жыхароў вёскі Купіск (мясцовая назва – Купіцак). Сярод дыялектызмаў, зафіксаваных навукоўцам, – вагалка гушкалка, варавацца паважаць баючыся каго-небудзь, паддзы, падскок і інш.

Вельмі важнай працай, у якой удзельнічала А. Усціновіч, стала даследаванне мовы газеты “Наша Ніва” пачатку XX ст. У гэты комплекс выданняў уваходзіць слоўнік і некалькіх манаграфій, дзе апісываецца мова названай газеты. Для першай манаграфіі “Мова “Нашай Нівы”. Варыянтнасць. Сінанімія.” )2005) даследчыца напісала раздел “Варыятнасць антрапонімаў (асаблівых імёнаў). У выданні “Мова “Нашай Нівы”. Семантыка. Стылістыка” (2014) ёй належыць падраздел “Словаўжыванне ў функцыянальных стылях”. Для “Слоўніка мовы” Нашай Нівы” яна падрыхтавала каля 7000 артыкулаў (працавала над тамамі 1-3 гэтанга даведніка).

Сярод практыка-арыентаваных работ А. Усціновіч найважнейшае месца займае “Слоўнік асабовых уласных імён” (2011). Ён прызначаны для шырокага кола карыстальнікаў і адметны тым, што, акрамя асноўных пашпартных формаў, чытачы знойдуць у ім звесткі пра гісторыю свайго імені. А паколькі слоўнік выдадзены пасля апошняй рэформы правапісу, можна не сумнявацца ў адпаведнасці напісання сучасным правілам. Тыя працы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічала Анна Канстанцінаўна Усціновіч, застаюцца актуальнымі, карыстаюцца велізарнымі попытам і сёння.

Бібліяграфія:

  1. Беларуская лінгвістыка. — 2025. — Вып. 94. — С. 135—137.
  2. Роднае слова. — 2025. — №5. — С.60.

Добавить комментарий