Калітоўская Клаўдзія Фёдараўна

Беларуская артыстка балета. Заслужаная дзяячка культуры Беларусі (1967).

Клаўдзія Фёдараўна Калітоўская нарадзілася ў 1911 годзе ў мястэчку Уселюб Наваградскага павета, дзе яе бацька Фёдар Марцінавіч Калітоўскі працаваў лясным кандуктарам графа О’Рурка. Бацьку праз год перавялі ў Мінск, дзе і прайшлі дзіцячыя гады Клаўдзіі.У 1930 годзе скончыла харэаграфічнае аддзяленне Беларускага музычнага тэхнікума, у 1933 годзе — Беларускую студыю оперы і балета. Першай балетнай пастаноўкай, у якой Калітоўскай давялося паўдзельнічаць, стаў балет Р. Гліэра «Чырвоны мак», пастаўлены ў 1933 годзе Л. Крамарэўскім, дырыжыраваў Георгій Пятроў. Праз год гледачы змаглі ўбачыць яе ў балеце «Капелія», а ў 1936 годзе — «Канёк-Гарбунок» Ц. Пуні.

У 1933—1937 і 1945—1951 гадах — артыстка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.

У 1937 годзе разам з мужам Г. Пятровым уехала ў Алма-Ату, дзе нядаўна быў створаны Дзяржаўны аб’яднаны тэатр казахскай і рускай оперы і стваралася балетная трупа.

У 1945 годзе Георгій Пятроў і Клаўдзія Калітоўская атрымалі запрашэнне вярнуцца на працу ў Мінск. Танцавала ў балетах «Арлекінада», «Раймонда», «Дон Кіхот», «Князь-возера», «Доктар Айбаліт», «Канёк-Гарбунок», «Лебядзінае возера» і іншых.

У 1951 годзе Клаўдзія Фёдараўна Калітоўская пакінула балетную сцэну. У 1951—1975 гадах — дырэктар Беларускага харэаграфічнага вучылішча.

Памерла 4 сакавіка  2002.

Бібліяграфія:

  1. Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 1998. – Т. 7. – С. 471.
  2. Большая энциклопедия Большого театра Беларуси = The Great Encyclopedia of the Bolshoi Theatre of Belarus / [редакционная коллегия: Л. С. Ананич и др.]. – Минск, 2014. – С.290.
  3. Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2013. – Т. 4. – С.284.
  4. Літаратура і мастацтва. – 2018. – 13 ліпеня (№ 27). – С.14.
  5. Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1 : Гродненская область. – С. 389.
  6. Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. – Минск, 2006. – Т. 3. – С. 846.
  7. Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : [у 2 т.]. – Мінск, 2002. – Т. 1. –С. 476.

Добавить комментарий