Гаховіч Валянціна Георгіеўна

personal_big_47143Нарадзілася ў 1935 годзе ў в. Грыцкевічы Нясвіжскага раёна. Дзяцінства Валі Хільтавай (Валянціны Георгіеўны) было апалена вайной. Дзевяцігадовая дзяўчынка і яе малодшы брат засталіся сіротамі. Іх бацькоў растралялі фашысты за дапамогу партызанам, дзядуля памёр у турме, а дзяцей партызаны ўзялі да сябе ў атрад. Сірот вырасцілі чужыя людзі ў той галодны і гаротны час.

Пасля вайны Валянціна Георгіеўна вучылася   ў Навагрудскай СШ №2. Вучылася добра, марыла стаць настаўніцай матэматыкі. Але мары рэзка змяніліся пасля таго, як у дзесятым класе ўрокі рускай мовы і літаратуры пачала выкладаць Заслужаная настаўніца БССР Ніна Рыгораўна Лівенцава. Менавіта ад яе пераняла Валянціна Георгіеўна любоў да літаратуры, пад яе ўплывам у 1952 годзе паступіла на філфак Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага.

У 1956 годзе Гаховіч В.Г. закончыла інстытут. Нейкі час працавала ў Асіповіцкім раёне на торфапрадпрыемстве. У 1959 годзе вярнулася ў Навагрудак і працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе №3.

Урокі Валянціны Георгіеўны праходзілі цікава, яна не проста расказвала дзецям пра герояў твораў, а захаплялася сваімі героямі. На яе ўроках вучні перажывалі цэлую гаму пачуццяў – эстэтычных, маральных, інтэлектуальных. Таленавітую настаўніцу любілі вучні, паважалі калегі.

У 1974 годзе ёй прысвоена ганаровае званне Заслужанага настаўніка Беларускай ССР. У 1981 г. –  ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. У 1985 г. – Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР прысвоена ганаровае званне “Народны настаўнік СССР”.

Гэтага звання ў Рэспубліцы Беларусь удастоены ўсяго 4 настаўніка.

В.Г.Гаховіч з’яўлялася членам Камітэта савецкіх жанчын і членам Усесаюзнага Савета па народнай адукацыі. Зараз яна на заслужаным адпачынку.

 

Бібліяграфія:

  1. Бржазоўскі, А. Адкрыты ўрок / А.Бржазоўскі // Работніца і сялянка – 1985.– №10.
  2. Гаховіч Валянціна Георгіеўна / Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн., 1996.– С.494
  3. Бржазоўскі, А. Адкрыты ўрок / А.Бржазоўскі // Вуліцы горада расказваюць: Бібліядайджаст. Вуліца Міцкевіча / Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка. – 2007.– С.38-44