Фабіян Абрантовіч (псеўданім у друку Фабіч); 14 верасня 1884, засценак Вераскоўшчына, Наваградскі павет – 2 студзеня 1946, Масква) – каталіцкі манах-марыянін і святар усходняга абраду, прэлат Менскай і Пінскай капітул, архімандрыт, місіянер, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, педагог. Доктар філасофіі (Каталіцкі ўніверсітэт у Лёвене), магістр тэалогіі. Паходзіў з мяшчанскай сям’і Яна і Юліі (дзявоч. Кашыц), жыхароў Наваградка.
Скончыў Наваградскае гарадское вучылішча, потым Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу; пасля яе заканчэння паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію (1906). Працягваў вучобу ў Каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен (1912-1914), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі.
Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах (Імператарскае вучылішча правазнаўства, Імператарскае камерцыйнае вучылішча, Кадэцкі корпус імператара Аляксандра II, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). Законавучыцель прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле Св. Кацярыны ў Пецярбургу (з 9.12.1910). Прафесар духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе (1.9.1914), дзе выкладаў філасофію, сацыялогію i спевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі.
Пасвечаны ў святары (9.11.1908). Быў камандзіраваны Адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Э. Ропам у Менск (30.4.1918).
Абраны рэктарам Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі, пасля яе эвакуацыі ў Наваградак і пазней у Пінск – яе выкладчык.
З 1926 г. – у Ордэне айцоў марыянаў у Друі. Узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі i Кітаі (1929-1938). Экзарх Харбіна. Удзельнічаў у пасяджэннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме.
З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу; уваходзіў у культурна-асветны гурток беларусаў-клерыкаў. Адзін з арганізата-раў і ўдзельнікаў 1-га з’езду беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.5.1917), дзе выступіў з рэфератам “Справа прасьветная”. Член саюза ксяндзоў-беларусаў Разам з Л. Хвецькам заснаваў Хрысціянскую дэмакратычную злучнасць, быў адным з яе кіраўнікоў у Менску. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях (“Крыніца”, 1917-1920, Петраград-Мінск-Вільня; “Хрысціянская думка”, 1928-1929, Вільня). Сябар Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску (з верасня 1919). Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19.9.1919 прыняў у Менску Ю. Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме.
Жыў у Пецярбургу (да 1912 і з 1914), Лёвене (1912–1914), Менску (з 1918), Поль- шчы (да 1929 і з лета 1939), Маньчжурыі (1929–1938). Пры спробе перайсці новую савецка-германскую мяжу быў арыштаваны 25 кастрычніка 1939. Знаходзіўся ў львоўскай турме, быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і ў шпіянажы на карысць Ватыкана.
У студзені 1940 быў пераведзены ў Маскву. Падчас следства ў Львове і Маскве вінаватым сябе не прызнаў. 23 верасня 1942 Асобай нарадай пры НКВД СССР быў прызнаны вінаватым у барацьбе супраць рэвалюцыйнага руху і нелегальным пераходзе праз мяжу і прысуджаны да зняволення ў лагеры тэрмінам на дзесяць гадоў. Памёр у Бутырскай турме 2 студзеня 1946 года. У 1992 годзе рэабілітаваны.
У 2003 пачаўся афіцыйны працэс беатыфікацыі (прылічэння да ліку блажэнных) архімандрыта Фабіяна Абрантовіча.
Бібліяграфія
- Абрантовіч Фабіян // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2010. – Т. 1. – С. 25.
- Абрантовіч Фабіян / Г.В. Бабкін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 1. – С. 39.
- Абрантовіч Фабіян // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. – Мінск: БелЭн, 1995. –С. 9.
- Абрантовіч Фабіян / Г.В. Бабкін // Энцыклапедыя гісторыіі Беларусі : у 6 т. – Мінск: БелЭн, 1993. – Т. 1. – С. 20.
- 130 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Абрантовіча // Наша слова. – 2014. – 17 верас. (№ 38). – С. 1.
- Крот, А. Айцец архімандрыт Фабіян Абрантовіч і адраджэнне уніі ў першай палове XX стагоддзя / А. Крот // Брэсцкая царкоўная унія (1596-2006): гісторыя і сучаснасць : зборнік навуковых артыкулаў / Брэсцкі дзяржаўны універсітэт ім. А.С. Пушкіна. – 2006. – С. 10–17.
- Абрантовіч Фабіян // Беларускiя рэлiгiйныя дзеячы XX стагоддзя Die weisrussischen personlichkeiten des geistlichen lebens im XX. jarhundert: Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны / Нац. навук.-асвет. цэнтр імя Ф.Скарыны; [аўт.-уклад. Ю.Гарбінскі; навук.-рэд. савет: У. Конан (адк. рэд.) і інш.; паслясл. У.Конана]. – Мюнхен. – Мн. : Выд. прадпрыемства “Бел. кнігазбор”, 1999. – XIII. – С. 3–4, 233–256.
- Пяткевіч, А. Архімандрыт Фабіян Абрантовіч – сын зямлі наваградскай // Наваградскія чытанні : матэрыялы навук. канф. да 950-годдзя г. Навагрудка і 400-годдзя герба горада / навук. рэд. В. Кушнер. – Мінск, 1996. – С. 115–117.
- Сіповіч, Ч. Айцец Архімандрыт Фабіян Абрантовіч // Божым шляхам (Парыж). – 1957. – № 76–81. – С. 14–15.