Чамярыцкі Вячаслаў Антонавіч

Чамярыцкі Вячаслаў, нарадзіўся 22.07.1936 г. у вёсцы Рабкі Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1937 годзе яго сям’я пераехала ў Навагрудак.

Беларускі літаратуразнаўца-медыявіст, крытык, культуролаг, перакладчык, пісьменнік. Спецыяліст па старажытнай беларускай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук (1967). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994). Скончыў у 1965 годзе аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1965 года працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР: навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела старажытнай і новай беларускай літаратуры, галоўны навуковы супрацоўнік. Цяпер на пенсіі. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (1983), Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Напрамкі даследаванняў: пісьмовая спадчына Беларусі, старажытная беларуская літаратура XI—XVIII стагоддзяў, беларускае летапісанне, творчасць Францыска Скарыны.

Дэбютаваў вершамі ў 1952 годзе (навагрудская раённая газета «Новае жыццё»). З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, даследаваннямі па старажытнай літаратуры выступае з 1959 г. Аўтар манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў» (1969), брашуры «Беларускі тытан эпохі Адраджэння» (1990), аўтар кнігі «Францыск Скарына» (з Г. Галенчанкам і В. Шматавым, на французскай мове — 1979 і на англійскай — 1980, Парыж), аўтар дакладу на IX Міжнародны з’езд славістаў «Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (з А. Коршунавым, А. Лойкам, 1982), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. I, 1968), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), «Истории всемирной литературы» (т. 3, 1985; т. 4, 1987), падручніка для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд» (1985).

Перакладае са старажытнарускай і старабеларускай моў. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў» (т. 32 і 35), складальнік зборніка «Слова пра паход Ігаравы» (1986).

Аказвае значную падтрымку навагрудскім музеям, мясцовым гісторыкам і краязнаўцам, дапамагае ў правядзенні ў Навагрудку прадстаўнічых навуковых канферэнцый, якія спрыяюць фарміраванню іміджа нашага горада як аднаго з цэнтраў даследвання гісторыі нашага краю. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, іншых урадавых узнагарод. Занесены ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна.

Бібліяграфія:

  1. Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2003. – Т. 17. – С. 214.
  2. Беларускія перакладчыкі, даследчыкі, ілюстратары “Слова о плъку Игореве” / М. Г. Булахаў. – Мінск, 2012. – С. 150—155.
  3. Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. – Мінск, 1995. – Т. 6. – С. 246.
  4. Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [складальнік А. К. Гардзіцкі]. – Мінск, 1994. – С. 574.
  5. Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2015. – Т. 6. – С. 440—441.
  6. Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік / Аляксей Пяткевіч ; Гродзен. дзярж. ун-т імя Я. Купалы. – Гродна, 2000. – 319—320.
  7. На радзіме Ігната Дварчаніна : з краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне / Сяргей Чыгрын. – Мінск, 2016. – С. 94—100.
  8. Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. – Минск, 2015. – Т. 4, кн. 2 : Гродненская область. – С. 456.
  9. Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. – Минск, 2008. – Т. 7. – С. 506.
  10. Роднае слова. – 2011. – № 7. – С. 24—28.
  11. Уладзімір Караткевіч : энцыклапедыя / [рэдкалегія: В. У. Ваніна (галоўны рэдактар) і інш.]. – Мінск, 2020. – С. 403.
  12. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 2003. – Т. 6, кн. 2. – С. 134.
  13. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 506.

Добавить комментарий