Дучыц Мікалай Васілевіч

scan_001-kopiya-2_250x250_acdДучыц Мікалай Васілевіч — беларускі мастак, графік. Нарадзіўся ў Любчы. Яго дзед удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Бацька будучага мастака Васіль быў у сям’і старэйшым з трох братоў і таму зямля ў спадчыну перайшла да яго. Два дзядзькі пайшлі вучыцца. Адзін з іх Самуіл скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і працаваў доўгі час у Тракаі, затым у Вільні.

Калі ў Міколы памерла маці, а бацька ажаніўся другі раз, то дзядзька забраў яго да сябе ў Тракай, дзе вучыў у школе. У 1910-1914 гадах будучы мастак вучыўся ў Навагрудскім павятовым вучылішчы. Менавіта тут і раскрыліся яго схільнасці да малявання. Адкрыў талент настаўнік малявання Васіль Іваненка. Ён браў вучня на эцюды, а ў яго на кватэры Мікола пісаў першыя нацюрморты. У гэтыя гады хлопцу шанцавала на добразычлівых людзей. Часта яго запрашаў да сябе чыноўнік Аляксандр Бух, вялікі аматар мастацтва, кнігалюб, майстар выпальвання па дрэве і чаканкі па медзі. Дапамагала будучаму мастаку і ўладальніца Любчанскага замка – яна купляла яму фарбы, паперу для малявання.

У 1913 годзе ў Навагрудку была арганізавана павятовая сельскагаспадарчая выстава. Намаганнямі А. Буха Мікола Дучыц упершыню выставіў некалькі сваіх акварэляў. У 1914 годзе юнак едзе ў Пецярбург, яго прымаюць у Школу Таварыства заахвочвання мастацтваў. Дырэктарам школы ў той час быў знакаміты Мікалай Рэрых, а сярод настаўнікаў – Альберт Бенуа. Вучыцца давялося толькі два гады, бо маладога мастака мабілізавалі ў армію. Са сваім палком ён быў у Гатчыне, Красным Сяле, Дзвінску, Якабштаце, Рызе, Шаўлях. У 1918 г. трапіў у Чырвоную армію, удзельнічаў у баях на заходнім фронце, у паходзе на Варшаву. Увосень 1920 года зведаў палон ва Усходняй Прусіі, у Эрлангене. Але і ў палоне мастак не пераставаў маляваць. Гэта былі акварэлі ў выглядзе маленькіх паштовак. Праз камісійную краму ён выменьваў іх на харчы, што дапамагала  выжыць яму і ягоным сябрам.

У 1921 годзе ў шэрагах Чырвонай арміі мастак трапляе ў старажытны Пскоў, дзе напісаў шмат архітэктурных эцюдаў. Пасля мабілізацыі з арміі Мікалай спрабуе даехаць да радзімы. Але калі дабраўся да Мінска, ужо была праведзена савецка-польская мяжа, і ўсе родныя засталіся ў Польшчы, а ён – у Савецкай Беларусі. Працаваў настаўнікам малявання ў розных школах, на Рабфаку, у рэдакцыях. У 1924 годзе ён ажаніўся на Яўгеніі Беразоўскай. Яна паходзіла з сям’і, карані якой таксама былі на Навагрудчыне і Віленшчыне, і мяжа не дазволіла ім вярнуцца “з бежанцаў” на радзіму. У 1927 годзе ў іх нарадзіўся сын Уладзімір.

Мікалай Дучыц удзельнічаў у І Усебеларускай выставе ў 1925 годзе. У канцы 20-х гадоў ім было зроблена некалькі дзесяткаў замалёвак пастэллю старога Мінска, асабліва Ніжняга рынку і Замчышча.

Самым цяжкім перыядам у жыцці мастака была другая палова 30-х гадоў.  Былі пастаянныя выклікі ў НКУС. Выклікалі нават за тое, што адну з ягоных прац на выставе набыў польскі консул, якому вельмі спадабаўся краявід з касцёлам. У НКУС абвінавачвалі ў тым, што мастак зашыфраваў у карціне нейкія звесткі і менавіта таму яе купіў консул. У час паездак на эцюды па наваколлі Мінска яго не раз хапалі сяляне і піянеры, прымаючы за шпіёна і адводзячы ў міліцыю. Для мясцовых жыхароў было незвычайным відовішча, што недзе ў лесе ці ў полі сядзіць чалавек і малюе. Значыць, шпіён! Граніца ж была блізка.

У кастрычніку 1935 года адбылася персанальная выстава твораў Мікалая Дучыца. Экспанаваліся акварэлі, малюнкі алоўкам, жывапісныя работы. Перад Вялікай Айчыннай вайной было напісана палатно “Вялікі гідраторф”, прысвечанае асваенню балот на Аршаншчыне.

У 1940 годзе праходзіла дэкада беларускага мастацтва і літаратуры. Мастак паказаў невялікія працы “Лодкі”, “Лес”, “Дрэвы”, але яны прыцягнулі ўвагу чытачоў і былі адзначаны мастацтвазнаўцамі.

У час вайны Мікалай Дучыц, як і шмат іншых мастакоў, застаўся ў акупаваным Мінску. Выжыць было цяжка. За карціны немцы разлічваліся харчамі. У гэтыя гады мастак пісаў відарысы Мінска, асабліва яго ўскрайкі з драўлянымі забудовамі. Пасля вызвалення Дучыц спяшаецца занатаваць сляды вайны (“На руінах Мінска”, “Лагер смерці ў Трасцянцы”). Шмат замалёвак было зроблена ў раёне Заслаўя.

У 1946 годзе былі вандроўкі на родную Навагрудчыну, у Вільню, на возера Нарач, Валожыншчыну, Мазыршчыну. Былі створаны палотны “Вёска Ждановічы”, “Вадзяны млын каля Ждановічаў”, “Касцёл у Заслаўі”, “Ракаўская царква” і іншыя.

У 1946 годзе ў Вільні Мікалай Дучыц знаёміцца з мастаком Пётрам Сергіевічам, і разам яны малююць Стары горад. У 1954 годзе адбылася другая персанальная выстава Дучыца. У кнізе водгукаў наведвальнікі выставы асабліва адзначылі зімовыя пейзажы і нарачанскія замалёўкі.

З выхадам на пенсію ён увесь час прысвячае любімаму жанру – лірычнаму пейзажу. У другой палове 60-х гадоў вярнулася захапленне старажытным Мінскам. Многія з малюнкаў гэтых гадоў мастак падараваў Рэспубліканскай школе мастацтваў. У 1967 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі праходзіла выстава, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння мастака. Мастацтвазнаўцы называлі мастака вялікім знаўцам беларускай прыроды.

Персанальная выстава рыхтавалася і да 80-годдзя з дня нараджэння мастака ў 1976 годзе, але так і не адбылася.

Стагоддзе з дня нараджэння мастака было адзначана дзвюма невялікімі выставамі. Адна з іх прайшла ў Заслаўі, дзе былі паказаны працы, прысвечаныя старажытнаму гораду і яго наваколлю. Другая экспазіцыя мела назву “На руінах Мінска” і прайшла яна ў рамках выставы “Што зведаў наш горад” у Музеі Вялікай Айчыннай вайны. Работы М.В. Дучыца знаходзяцца ў музеях Беларусі і Расіі, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, Японіі, Ізраіля, ЗША, Францыі, Нарвегіі і іншых дзяржаў. Многія працы мастака рэпрадуцыраваны. Але большасць яго работ, асабліва малюнкаў старога Мінска, яшчэ не вядомыя грамадскасці, і сапраўднае знаёмства з яго творчасцю яшчэ наперадзе.

 Бібліяграфія:

    1. Аўрамчанка,А. Чалавек ля мальберта: [пра беларускага мастака – пейзажыста Н. В. Дучыца] / А. Аўрамчанка // Голас Радзiмы. – 1973. – № 47
    1. Бадин,Р. Певец белорусской природы: [белорусский художник-пейзажист Н. В. Дучиц] / Р. Бадин // Советская Белоруссия. – 1967. – 12 февраля
    1. Варанкова,I. Мастак і гісторык: [пра выставу, прысвечаную 100-годдзю мастака М. В. Дучыца, якая экспануецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны] / І. Варанкова // Лiтаратура i мастацтва. – 1996. – 11 кастрычніка
    1. Выстаўка работ мастака М. В. Дучыца / складальнік П. Н. Герасімовіч// Каталог Мн., 1954
    1. Дробов,Л.Н. Дучиц Николай Васильевич: [белорусский живописец и график] / Л. Дробов// Дробов,Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917 – 1975гг.).– Мн., 1976
    1. Дучиц Николай Васильевич: [белорусский живописец и график] // Художники Советской Белоруссии. – Мн., 1976
    1. Дучыц Мікалай Васільевіч: [беларускі савецкі жывапісец і графік] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва: У 5-і т. Т 2. Мн., 1984.
    1. Дучыц Мікалай Васільевіч: [беларускі савецкі жывапісец і графік] // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6 Мн., 1998
    1. Дучыц Мікалай Васільевіч: [беларускі жывапісец і графік] // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3.– Мн., 1996
    1. Дучыц,Л. Гадаванец Наваградчыны: [пра беларускага мастака, ураджэнца Наваградчыны Мікалая Дучыца] / Людміла Дучыц // Новы час. – 2004. – №8
    1. Ён пакінуў добрую спадчыну…: [пра творчасць беларускага жывапісца, графіка, пейзажыста М. В. Дучыца (1896-1980)] // Культура. – 1996. – 10-16 снежня
    1. Карчэўскі,Р.С. Мікалай Васільевіч Дучыц / Р. Карчэўскі // Карчэўскі,Р.С. Мікалай Васільевіч Дучыц.– Мн.,1961
    1. Козюля,Е. И мастерство, и вдохновенье: [в мастерской художника Николая Дучица воспитанники Республиканской специализированной школы-интерната по изобразительному искусству и музыке] / Е. Козюля // Вечерний Минск. – 1977. – 17 февраля
    1. Крэпак,Барыс. Белыя снягі Мікалая Дучыца: [пра выставу работ мастака М. В. Дучыца (1896-1980) у Рэспубліканскай мастацкай галерэі] / Барыс Крэпак // Культура. – 2002. – 8-14 чэрвеня.
  1. Лецка,Я. Адгукаюцца добрыя людзі: [пра беларускага мастака Міколу Дучыца] / Яўген Лецка // Лiтаратура i мастацтва. – 1991. – № 24.