Ляшчынская Вольга Аляксееўна (дзявочае прозвішча: Цыбульская) – беларускі мовазнавец, педагог, доктар філалагічных навук, прафесар.
Нарадзілася 30 красавіка 1946 года ў мястэчку Уселюб (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і рабочага.
Кандыдат філагагічных навук (1974). Дацэнт (1980). Доктар філалагічных навук (2005), прафесар (2006).
Скончыла сярэднюю школу ва Уселюбе (1963). У 1963 годзе паступіла на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура”), у 1968 годзе – у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, якую закончыла з прадстаўленнем дысертацыі да абароны ў 1971 г.
Працоўную дзейнасць пачала ў 1971 годзе ў Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Ф. Скарыны, і прайшла шлях ад выкладчыка кафедры беларускай і рускай моў да прафесара кафедры беларускай мовы.
Друкуецца з 1971. Даследуе праблемы словаўтварэння, лексікалогіі, методыкі выкладання беларускай мовы ў сярэдняй і вышэйшай школе. Выйшла яе манаграфія “Марфемны склад і словаўтварэнне ў школе” (Гомель, 1982). Выдала ў сааўтарстве дапаможнікі: “Зборнік практыкаванняў па лексіцы і стылістыцы” (1974), “Педагагічная практыка студэнтаў – філолагаў ” (1983), “Асновы маўлення і стылістыкі беларускай мовы” (1992).Навуковыя інтарэсы: словаўтварэнне; лексікалогія; лексікаграфія; фразеалогія; фразеаграфія; культура мовы; стылістыка; лінгвакультуралогія; лінгвадыдактыка.
Вольга Аляксееўна – высокакваліфікаваны даследчык, які актыўна займаецца навуковай і метадычнай работай. Яна аўтар больш за 330 навуковых і метадычных прац, звязаных з пытаннямі лексікалогіі і фразеалогіі сучаснай беларускай мовы, стылістыкі і культуры маўлення, лексікаграфіі, тэрміназнаўства, анамастыкі, лінгвадыдактыкі, лінгвакультуралогіі, у тым ліку манаграфій, вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі, слоўнікаў, шматлікіх артыкулаў, апублікаваных не толькі ў рэспубліканскіх навуковых зборніках і часопісах, але і ў разнастайных замежных выданнях.
Шмат увагі і часу яна аддае рэцэнзаванню вучэбна-метадычных дапаможнікаў, рукапісаў падручнікаў, дысертацыйных даследаванняў. В.А. Ляшчынская выступае афіцыйным апанентам на абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, з’яўляецца членам Савета па абароне дысертацый Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
За сваю плённую навукова-педагагічную дзейнасць прафесар В.А. Ляшчынская неаднаразова ўзнагароджана Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2005, 2008), знакам “Выдатнік адукацыі” (2014). Ёсць і яшчэ дзве важныя ўзнагароды для педагога – павага калег-выкладчыкаў і ўдзячнасць вучняў.
Працы:
- Ляшчынская, В. А. Марфемны склад і словаўтварэнні ў школе: манаграфія / В. А. Ляшчынская. – Гомель, 1982.
- Зборнік практыкаванняў па лексіцы і стылістыцы: дапаможнік / В. А. Ляшчынская [і інш.]. – 1974.
- Педагагічная практыка студэнтаў-філолагаў: дапаможнік / В. А. Ляшчынская [і інш.].– 1983.
- Асновы маўлення і стылістыкі беларускай мовы: дапаможнік / В. А. Ляшчынская [і інш.].– 1992.
Бібліяграфія:
- Лещинская Ольга Алексеевна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. – Минск, 2007. – Т. 4. – С. 472.
- Грынь, І. Нашы землякі // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). – Мн., 2010. – С. 352–373.
- Ляшчынская Вольга Аляксееўна // Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік / Аляксей Пяткевіч. – Гродна, 2000. – С. 192–193.
- Ермакова, А. М. Чалавек не ўзнікае так – ён збываецца, адбываецца… : да юбілею Вольгі Ляшчынскай / Алена Ермакова // Роднае слова. – 2016. – № 4. – С. 26–27.
- Смыкоўская, В. Несці людзям агонь душы і сэрца жар : [пра Вольгу Ляшчынскую, доктара філалагічных навук, прафесара Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны] // Роднае слова. – 2006. – № 4. – C. 28.