Масціцкі Міхаіл Іванавіч

Масціцкі Міхаіл Іванавіч – ваеннаслужачы тэрміновай службы Савецкай Арміі, які 29 лістапада 1984 г. загінуў пры выкананні воінскага інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан і пахаваны ў вёсцы Ацмінава.

Нарадзіўся Міхаіл 14 верасня 1964 г. ў саўгасе «Любімаўскі» Ясільскага раёна Цалінаградскай вобласці (Казахстан), куды яго бацькі пераехалі паднімаць цаліну. Па нацыянальнасці беларус. Праз некаторы час бацькі яго вярнуліся на радзіму. Маці, Аляксандра Канстанцінаўна, і бацька, Іван Міхайлавіч усё жыццё працавалі ў калгасе. Сын рос паслухмяным хлопцам, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Скончыўшы Ацмінаўскую пачатковую школу, пайшоў вучыцца ў Бердаўскую сярэднюю школу (Навагрудскі раён). У 1979 г. Міхаіл скончыў 8 класаў Бердаўскай сярэдняй школы.

Паступіў вучыцца ў СПТВ № 5 у г. Ліда, які закончыў у 1982 годзе. Атрымаў спецыяльнасць машыніста-экскаватаршчыка. Стаў працаваць трактарыстам у родным калгасе “Праўда”.

У кастрычніку 1982 г. прызваны ў Савецкую Армію Навагрудскім ГВК. Разам на службу ў армію адыходзіў яго аднакласнік Жынко Барыс. Яны былі добрымі сябрамі, вучыцца пашлі ў адно вучылішча і трапілі служыць у Афганістан. Служба Міхаіла ў Афганістане пачалася са студзеня 1983 года.

 Радавы Міхаіл Іванавіч Масціцкі загінуў 29 лістапада 1984 года. Пры спуску з высакагорнага вартаўнічага паста група салдат, у складзе якой ён знаходзіўся, трапіла ў засаду і была абстраляна душманамі. Пры адбіцці атакі Міхаіл загінуў.

Радавы Масціцкі Міхаіл Іванавіч пахаваны на могілках у вёсцы Ацмінава. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У памяць аб былым выпускніке Масціцкім Міхаіле ў Лідскім ліцэі меліярацыйнага будаўніцтва адкрылі мемарыяльную дошку.

 У 2009 годзе імя Міхаіла Масціцкага занесена ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна.

            Бібліяграфія:

  1. Масціцкі Міхаіл Іванавіч // Памяць. Афганістан /  рэдактары: А.Л. Петрашкевiч i iнш. –  Мінск :  БелСЭ, 1991. – С. 285-286.
  2. Ніхто не створаны для вайны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мінск : Беларусь, 1996. – С. 502-503.
  3. Погибшие воины-интернационалисты Гродненской области. Новогрудский район // Вдали, за рекой… : воины-интернационалисты Гродненской области в афганской войне 1979-1989 / автор концепции и текста А.М. Суворов ; фото О.В. Цуканов. – Брест : Полиграфика, 2011. – С. 240.