Нарадзілася 9 ліпеня 1952 г. на станцыі Ходасы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыла Мінскі інстытут культуры (1983).
3 1976 года працавала на Навагрудчыне. 3 1983-га па 2014 г. была дырэктарам Навагрудскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (далей ЦБС) (зараз Дзяржаўная ўстанова культуры “Навагрудская раённая бібліятэка”).
Шмат намаганняў прыклала для арганізацыі пераезду цэнтральнай раённай бібліятэкі ў прасторны будынак і абсталявання яго ў сучасным стылі (2004).
Пад яе кіраўніцтвам калектыў раённай бібліятэкі паспяхова ўкараняў інавацыйныя метады работы (створана міні-галерэя «Імгненне»; ажыццяўляўся інфармацыйна-краязнаўчы тур «Праз бібліятэку — да дабра і свету»; ствараюцца электронныя гульні), распрацоўваліся і рэалізаваліся цікавыя праекты і праграмы («Чалавек. Прырода. Экалогія» — 2008; «Соцыум» — з 2010; «еўрасаюзны» міні-праект «Рэтра» — 2011; сумесны праект з ФДУ «Расійская нацыянальная бібліятэка» «Бібліяграфаванне літаратуры аб Навагрудчыне» — 2009; «Стварэнне інфармацыйных рэсурсаў аб прадпрыемствах горада Навагрудка і Навагрудскага раёна» — з 2009) і інш.
Бібліятэкі сістэмы па ініцыятыве дырэктара актыўна ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах і акцыях і амаль усе траплялі ў лік пераможцаў:
— абласных: «Малая радзіма чакае сваіх даследчыкаў» — I месца (1996 — ЦБС, 1999 — Любчанская ГПБ), III месца (1998 — ЦРБ); «Бібліятэка — інфармацыйны цэнтр рэгіёна» — III месца (2001 — Кашалеўская СБ), I месца (2002 — Уселюбская СБ); «Усё лепшае — дзецям» (акцыя) — перамагла Лаўрышаўская бібліятэка-клуб; «Чытаем беларускую кнігу» — Дыплом I ступені (2011 — ЦБС);
— рэспубліканскіх: «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» — Ганаровая грамата за ўдзел у намінацыі «Навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» (гарадская бібліятэка); агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы па экалагічнай асвеце і інфармаванні насельніцтва ў 2006—2008 гг. (I месца — ЦРБ) і конкурс школы інфармацыйнай культуры, аб’яўлены ББА, у намінацыі «Выкарыстанне гульняў у працэсе вывучэння інфармацыйнай культуры для школьнікаў сярэдніх класаў» (I месца — ЦРБ) і інш.
Рэалізавала ідэю правядзення міжраённых (з Карэліцкай, Іўеўскай, Лідскай ЦБС) і міжабласнога семінара (з Баранавіцкай ГЦБС).
Па выніках работы ў 2006 і 2011 гг. Навагрудская бібліятэчная сістэма прызнана «Лепшай установай культуры года» сярод ЦБС вобласці. У 2007 годзе фота Т. М. Мішкінай занесена на раённую Дошку гонару.
Узнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама (2010), Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2001), атрымала Дыплом «Лепшы бібліятэкар (раёна) 2001 года» і Падзяку-пісьмо за эфектыўнае і ўмелае кіраўніцтва бібліятэкамі раёна (2004), Падзяку-пісьмо Гродзенскага аблвыканкама за асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне 200-годдзя Адама Міцкевіча (1998) і інш.
Бібліяграфія:
- Бесараб, К. На работу – у краіну мудрасці : пра Т.М.Мішкіну, былога дырэктара Навагрудскай ЦБС, якая цяпер працуе інспектарам па кадрах / фота ; К. Бесараб // Новае жыццё (Навагрудскi раён). – 2014. – 7 сакавіка. – С.2.
- Мішкіна, Т. Бібліятэка на ўсе жыцце : пра гарадскую дзіцячую бібліятэку / Т.Мішкіна // Новае жыццё (Навагрудскi раён). – 2008. – 12 красавіка. – C.5.
- Мішкіна, Т. Для вас летнія чытальні : пра адкрыццё бібліятэчных пляцовак для чытання / Т.Мішкіна // Новае жыццё (Навагрудскi раён). – 2013. – 8 чэрвеня. – C.3.
- Мішкіна, Т. Крок наперад у духоўным развіцці : пра мерапрыемствы бібліятэк раёна да Года кнігі / Т.Мішкіна // Новае жыццё (Навагрудскi раён). – 2012. – 10 сакавіка. – C.2.
- Мішкіна Таццяна Мікалаеўна // Культура Гродзеншчыны : факты, падзеі, асобы / уклад. Л. В. Мальцава. – Мінск : Выдавецкi дом “Звязда”, 2014. — С. 40—41.