Міцкевіч Адам (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобласці – 26.11.1855), класік польскай літаратуры беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Навагрудку.
Праз два гады пасля яго нараджэння сям’я перабралася ў Навагрудак, дзе скончыў павятовую дамініканскую школу. У 1815 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Разам з аднадумцамі А. Міцкевіч стварыў саюз філаматаў. Таварыства першапачаткова ставіла культурна-асветніцкія мэты, але пазней наладзіла сувязь з будучымі дзекабрыстамі.
Перыядам інтэнсіўнай літаратурнай вучобы сталі 1817-1819 гг., звязаныя з пачаткам яго філамацкай дзейнасці. Пад уплывам беларускага фальклору і заснаваных на ім балад Я. Чачота А. Міцкевіч становіцца на шлях рамантызму. Немалаважную ролю ў гэтым адыграла каханне да Марылі Верашчакі. Так з’явіліся балады “Свіцязь”, “Свіцязянка”, “Рыбка” і інш., што ўвайшлі ў першы том твораў паэта “Балады і рамансы” (1822). Другі том твораў А. Міцкевіча выйшаў у 1823 г. і складаўся з дзвюх паэм — “Гражына” і “Дзяды”.
Пасля заканчэння ўніверсітэта А. Міцкевіч быў накіраваны настаўнікам у Коўна. У 1823 г. яго арыштавалі па справе філаматаў і філарэтаў і кінулі ў базыльянскія муры. Праз паўгода Міцкевіча накіравалі настаўнікам у Адэскі ліцэй. Тут з’явіліся бліскучыя цыклы санетаў і былі зроблены першыя накіды паэмы “Конрад Валенрод”. У 1825 г. А. Міцкевіч вярнуўся з Адэсы ў Маскву, дзе выдаў трэцюю па ліку кнігу — “Санеты”.
У 1828 г. А. Міцкевіч пераехаў жыць у Санкт-Пецярбург, дзе выйшла ў свет яго паэма “Конрад Валенрод” і два тамы вершаў. У 1829 г. паэт назаўсёды пакінуў Расію. У 1832 г. паэт апынуўся ў Парыжы. Тут ён апублікаваў новую паэму “Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд у Літве”. У 1839 г. А. Міцкевіч стаў прафесарам лацінскай літаратуры Лазанскага ўніверсітэта ў Швейцарыі, а праз год перайшоў у Калеж дэ Франс у Парыжы, дзе на працягу 1840-1844 гг. чытаў курс лекцый па славянскіх літаратурах. У сярэдзіне 30-х гадоў Міцкевіч захапіўся гісторыяй. Ён працаваў над першым томам гісторыі Польшчы, але рукапіс кнігі не захаваўся. У 1835-1836 гг. А. Міцкевіч напісаў на французскай мове п’есу “Барскія канфедэраты” і пачаў другую – “Якуб Ясінскі, або Дзве Польшчы”.
З вялікім спадзяваннем сустрэў паэт рэвалюцыю 1848 г. у Заходняй Еўропе. У Рыме ствараў польскія легіёны для падтрымкі руху карбанарыяў. У Парыжы заснаваў інтэрнацыянальную газету “Трыбуна народаў”, у якой друкаваліся выступленні ў абарону прыгнечаных народаў. У 1855 г. накіраваўся ў Стамбул. Турцыя ў той час ваявала з Расіяй, і А. Міцкевіч збіраўся арганізаваць там польскія легіёны. Свой намер ён не паспеў здзейсніць, бо памёр ва ўзросце 57 гадоў у Канстанцінопалі, дзе і быў пахаваны. Пры першай магчымасці астанкі паэта перавезлі ў Парыж, а ў 1890 г. — у Кракаў і захавалі ў асобнай нішы Вавельскага замка.
***
Так сталася, што пасля Міцкевічаў на сядзібе ў Навагрудку доўга жылі іншыя людзі, бо яна была канфіскавана. І толькі 11 верасня 1938 года створаны ў Навагрудку Міцкевічаўскі камітэт з шырокім удзелам грамадскасці ўрачыста адкрыў Дом-музей імя Адама Міцкевіча. Яго першым дырэктарам быў Уладзіслаў Ляруй, які працягваў дзейнасць і пасля таго, як у верасні 1939 года Навагрудак увайшоў у склад БССР. У першы ж год вайны сядзіба была знішчана авіябомбай. Толькі ў 1955 годзе яе адбудавалі. А ў 1991 годзе пасля чарговай рэканструкцыі музей набыў сучасны выгляд: былі ўзноўлены 5 пакояў, у якіх жыла сям’я Міцкевічаў: дзіцячы пакой, кабінет бацькі, гасцёўня, сталовая і спальня, а ў падвале – кухня. Быў пабудаваны падземны пераход, які злучае дом з флігелем. У Міцкевічаў яго не было, але гэта дало дадатковую плошчу для размяшчэння этнаграфічнай выставы і правядзення часовых выстаў.
Дом-музей Адама Міцкевіча знаёміць не толькі з часткай яго біяграфіі, звязанай з Наваградчынай, але і далейшым лёсам – асабістым, творчым, навуковым, спасылаючыся на яго творы, у якіх ён усёй душой звяртаецца да тэмы Радзімы і лёсу народа.
У горадзе Навагрудку таксама маецца і помнік Адаму Міцкевічу. Усталяваны на тэрыторыі Малога замка ў 1992 г. Аўтар – Валерый Янушкевіч.
Ну і нарэшце, у яго гонар у Навагрудку на ўзгорку размешчаным побач з замкам насыпаны курган, які называюць “Курган Бессмяротнасці”. Тут знаходзіцца зямля, прывезеная з усіх краін, у якіх жыў А.Міцкевіч. Насыпаны па ініцыятыве Міцкевічаўскага камітэта на пляцы, які быў выкуплены за 6 тысяч злотых, што былі сабраны добраахвотнымі ахвяраваннямі. Урачыстая закладка кургана адбылася 27 мая 1924 года. Скончылі насыпаць курган у 1931 годзе. Каля яго падножжа была ўстаноўлена стэла з надпісам-прысвячэннем, якая ў 1998 годзе ў сувязі са святкаваннем 200-годдзя з дня нараджэння паэта была заменена на валун.