Нёманскі Янка

petrovich_sНёманскі Янка (сапр. Пятровіч Іван Андрэевіч) – беларускі пісьменнік, эканаміст, грамадскі дзеяч. Акадэмік АН Беларусі (1928). Нарадзіўся 31.3(12.4)  1890 г. у в. Шчорсы Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі раён. Быў выхадцам з сялянскай сям’і. У яго рана памерла маці, жыў ён з бацькам, Андрэем Мікалаевічам, і дзедам. Дзяцінства і юнацтва прайшло ў цяжкай працы. Вучыцца пачаў з шасці гадоў, настаўнікамі былі дзед, бацька, дзядзька. У 1909 годзе скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і нейкі час працаваў у вясковай школе. У 1914-16, 1918 гг. вучыўся ў Петраградскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэте. Побач з вучобай займаўся грамадскай дзейнасцю. У 1916 годзе мабілізаваны ў царскую армію і пасля школы прапаршчыкаў адпраўлены на фронт у якасьці малодшага афіцэра роты. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў на фронце. У 1919-21 гадах служыў у Чырвонай Арміі- ваяваў на Карэльскім, Петраградскім, Польскім франтах, быў пад Нарвай і Варшавай, у Сібіры і на Далёкім Усходзе. Адразу пасля рэвалюцыі працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце – сакратаром культурна-асветнага аддзела, загадчыкам выдавецкага аддзела. Актыўна ўдзельнічаў ва ўсерасійскім з’ездзе бежанцаў Беларусі ў ліпені 1918 (быў яго сакратаром).         Разам  з  Цішкам  Гартным  выдаваў першую беларускую савецкую газету «Дзянніца» (1918-1919).

На працягу 1918-20 гг. з Я. Карскім, А. Сержпутоўскім, А. Шахматавым і інш. быў членам Беларускага вольна-эканамічнага таварыства, створанага ў Петраградзе з мэтай развіцця навукі, культуры і народнай гаспадаркі Беларусі. З 1921 года жыў у Мінску. Працаваў у планава-эканамічных органахрэспублікі, вучоным сакратаром Інстытута эканомікі АН БССР, намеснікам старшыні Дзяржплана БССР. Быў членам Інбелкульта, членам праўлення літаратурна-мастацкага аб’яднання «Полымя». У1927-1936гг. член ВЦК. У 1933-36гг. працаваў у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі, узначальваў кафедру фінансавых дысцыплін. Сябраваў з Я. Купалам, Я. Коласам, Ц. Гартным. 26 красавіка 1937 года беспадстаўна арыштаваны, 30 акстрычніка 1937 года растраляны. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1957 годзе.    Друкавацца пачаў у 1918 годзе ў газеце «Дзянніца» дзе апублікаваў шэраг артыкулаў па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Да культурна-асветных задач Беларусі»(1918), «Значнасць апавяшчэння Беларусі Радаваю Рэспублікай».Першае апавяданне «Над Кроманню» апублікаваў у 1922 г. у часопісе «Полымя». У зборніку апавяданняў «На зломе»(1925), аповесці «Партызан» (1927), рамане «Драпежнікі» (1928-30, ня- скончаны; рукапіс 2-й часткі загінуў пасля арышту) адлюстраваў жыццё сялянства ў дарэвалюцыйны перыяд, падзеі часоў сталыпінскай рэформы, рэвалюцыйны рух  напярэдадні 1-й сусветнай вайны, барацьбу беларускага народа супраць польскіх акупантаў у Грамадзянскую вайну.

Бібліяграфія:

  1. Янка Нёманскі // Беларуская энцыклапедыя.– Мн.: БелЭн, 2000. – Т. 11: С.309
  2. Янка Нёманскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.– Мн., 1999.– Т. 5.– С.324.
  3. Нёманкі Янка // Беларусь: энцыкл. давед.– Мн., 1995.– С. 536­-537.
  4. Нёманскі Янка: [празаік, публіцыст, вучоны-эканаміст] // Беларускія пісьменнікі: Біябліягр. слоўнік.– Мн., 1994.– Т. 4.– С. 387-388.
  5. Янка Нёманскі // Памяць: гістор.-дакум. хроніка Навагруд. р-на.– Мн., 1996.– С 497.
  6. Праўда і мужнасць таленту: Рэк. бібліягр. спіс літаратуры прысвечаны 110 годдзю з дня нараджэння Я. Нёманскага / Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка. – Навагрудак, 1999.– Бібліягр: 29
  7. Нёманкі Янка // Старонкі лёсу: Біябібліяграфічны слоўнік / Шчорсаўская сельская бібліятэка. – Шчорсы, 2005. – С. 13