Пярловіч Самсон Георгіевіч

Нарадзіўся 13 жніўня 1923 года ў невялікай вёсцы Католышы непадалёк ад Навагрудка. Вучыўся ў пачатковай польскай школе ў в. Байкі, за некалькі кіламетраў ад дому, потым закончыў сямігодку ў г. Навагрудку. Перад самай вайной паступіў у Навагрудскае педвучылішча, але навучанне не давялося закончыць. Да 20 жніўня 1943 года працаваў настаўнікам у пачатковай школе в. Байкі, дзе калісьці вучыўся сам. У жніўні 1943 года разам з аднавяскоўцамі быў вывезены на прымусовыя работы спачатку ў г. Лібаву, потым пасля другіх уцёкаў працаваў на заводзе “Karo-werk” г. Вены.

Пасля вяртання на Бацькаўшчыну некаторы час быў літаратурным работнікам у рэдакцыі раённай газеты “Звязда”. Не пагадзіўшыся пісаць даносы на невінаватых людзей, далучыўся да сяброў “Саюза вызвалення Беларусі”, які быў створаны яго былым аднакласнікам Генадзем Казаком. Неўзабаве ўсе васемнаццаць сяброў арганізацыі былі арыштаваны і пасля катавання ў Баранавіцкай следчай турме 30-31 жніўня 1947 года засуджаны ваенным трыбуналам.

Пасля рэабілітацыі больш як 30 гадоў адпрацаваў на Навагрудскім заводзе газавай апаратуры. У апошні час выдаў 3 кнігі вершаў: “Бяссмертнік”, “Заяц на бярозе”, “Чарадзейны агонь”.

Паэзія Самсона Пярловіча гэта не проста карункі прыгожых слоў, пастаўленых у адмысловым парадку. Гэта той неацэнны скарб, дар, які даецца далёка не кожнаму.

У кожным вершы Самсона Пярловіча адчуваецца любоў да Беларусі, да Бацькаўшчыны, які заплаціў дарагую цану і ў сталінскія часы, і ў гады нямецкай акупацыі.

Выпрабаванні лёсу толькі ўмацавалі светлыя і шчырыя пачуцці паэта да Бацькаўшчыны, да гэтага свету, які вядома, ствараўся на добрае Богам. Калі чытаеш радкі з вершаў Самсона Пярловіча, хочацца стаць лепшым, спазнаць мудрасць, нябачаную за штодзённай мітуснёй. Лірызм твораў будзе блізкі чытачам яго паэзіі, якія ўпершыню адкрыюць для сябе імя сапраўднага паэта і грамадзяніна.

Бібліяграфія:

  1. Цехановіч, З. Беларускае слова: з жыццяпісу Самсона Пярловіч / Зміцер Цехановіч // Роднае слова. – 2001. – №9. – С. 103- 104.
  2. Крывашай, Дз. Літаратурныя мясціны Беларусі. Навагрудскі раён: [біяграфія Самсона Пярловіча] / Дзмітрый Крывашэй, Адам Мальдзіс // Маладосць. – 2008. – №9. – С. 128.