Пяткевіч Андрэй Браніслававіч (13.06.1966, мяст. Уселюб Навагрудскага р-на — 29.04.1995) — беларускі паэт.
З сялянскай сям’і. Скончыў Уселюбскую СШ (1983) і паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філфака Гродзенскага універсітэта. Вучыўся тут з перапынкамі да 1989 года. Працаваў у родных мясцінах рабочым-меліяратарам, у леспрамгасе, у калгасе. З 1993 г. — на пенсіі па інваліднасці.
Прымаў актыўны ўдзел у літаратурным руху моладзі ў Гродне і Мінску. Друкаваўся ў раённай газеце з школьных гадоў, з 1989 г. — у рэспубліканскіх выданнях (“Першацвет”, “Маладосць”, “Дзень паэзіі”, “Сьвіцязь”, “Беларусь”, “Літаратура і мастацтва”, “Культура”, “Чырвоная змена” і інш.). Сааўтар калектыўных зборнікаў паэзіі “Шлях” (Гродна, 1991), “Кола” (Гродна, 1993). Падрыхтаваў зборнік вершаў “Шчаслівым сканаць”.
На свае сцiплыя сродкi Андрэй Пяткевіч вандраваў па Беларусi, каб сустракацца з цiкавымi людзьмi, удзельнiчаць у акцыях ды iмпрэзах.
Памёр Андрэй Пяткевіч ад разрыву сэрца ноччу з 28 на 29 красавiка 1995 года. Разбiты горам бацька спалiў усе пакiнутыя сынам рукапiсы, лiсты i дзённiкi.
Бібліяграфія:
- Пяткевіч, А. Андрэй Браніслававіч Пяткевіч /Аляксей Пяткевіч // Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік / Аляксей Пяткевіч. – Гродна: ГрДУ, 2000. – С. 235.
ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ
***
Уселюб… Родныя мясціны,
Навек, навек вы любы мне.
Плісы вялікія нізіны
І вёска ў кветках і красе.
Сады прыгожыя ў вёсцы
Як непаўторная краса.
Лясы высокія за вёскай,
Праз вёску ў даль цячэ Пліса.
Лясы, палі і сенажаці –
Усё родны кут, усё родны край,
Усё гэта нашыя багацці,
Радзіма гэта тут мая.
***
Пачатак лета. Так прыгожа
І так шчасліва на душы.
Старой бабуляю Каложа
Стаіць ля Нёмна на мяжы.
А над Гародняй вежы-краны
Вартуюць сонечны прамень.
Нібы жаўрук, прачнуўся ранак.
А горад спіць – глухі, як пень.
***
Я п’ю з вачэй тваіх трывогу
І горкіх думак цішыню.
Я да цябе знайшоў дарогу,
І вось, збянтэжаны стаю.
Няўжо яшчэ ня ўсё сканала
У нашых думах і дамах?
Няўжо варожая навала
Не ўзгадавала ў сэрцы страх?
Я п’ю з вачэй тваіх надзею,
І роспач, як атруту п’ю.
У цемры шчасце камянее,
Ды Бога зноўку я малю.
Малю аб вечным і бясконцым,
Малю аб промнях новых дзён,
Аб радасці малю, аб сонцы,
Хачу, каб сніўся гэты сон.
Я п’ю з вачэй тваіх натхненьне.
Пішу і плачу над сабой.
Ліхіх надзей цяжкія звенні
Узмоцняць незабыты боль.
Пасля начэй прыйшло світанне –
Распята сонца на крыжы.
Я п’ю з вачэй тваіх каханьне;
І мне так цяжка далей жыць.
***
Хай ня плача над лёсам хлапчук,
Не яго ў гэтым свеце віна.
Не адчуў ён пяшчотных рук,
Бацьку ж трэба бутэлька віна.
Ад віна адзін крок да віны,
Да бяды і няшчасця крок.
Застаюцца ў сусвеце адны,
Не ступіўшы на родны парог.
Хочаш плач, ці скачы, ці ідзі,
А жыццё неадступна адно.
Хоць вяроўку на шыю кладзі –
Шчасця, браце, усе ж ня відно.
І ня ведаю, як апісаць,
Як дастануць малога з вады.
Адзінока закрэсліць сляза
Шлях ягоны ў нябыт праз гады.