Нёманская зямля багатая на таленты. Сярод ix пачэснае месца займае і Аляксей Уладзіміравіч Рагуля, беларускі крытык і літаратуразнаўца, культуролаг, педагог. Нарадзіўся ён 25 сакавіка 1935 г. у вёсцы Сенна, што на Наваградчыне. З дзяцінства будучы даследчык быў зачараваны культурнай і гістарычнай спадчынай сваей радзімы. Сялянскі асяродак з моцнымі народнымі традыцыямі, з духам беларускасці, дзе галоўнымі каштоўнацямі былі людскасць, духоўнасць, маральная чысціня, працавітасць, павага да ведаў, фармаваў светапогляд будучага вучонага і педагога. Любоў да беларускай культуры, да лірычна-шчаслівай народнай песні, чутай ад маці, захапленне першай кнігай “Беларуская чытанка” Леанілы Чарняўскай, вучоба ў беларускамоўнай школе, уражанне ад духу агульнай непакоры польскаму рэжыму – усё гэта запала ў душу і вызначыла жыццёвыя сцяжыны.
Пасля заканчэння Любчанскай сярэдняй школы юнак год працаваў загадчыкам хаты-чытальні ў Сенне. Потым вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, настаўнічаў. Гэта былі «універсітэты» жыцця, гады плённай творчай педагагічнай дзейнасці. Выкрышталізоўваўся талент выкладчыка, метадыста, выхавальніка.
Апяксей Уладзіміравіч прыйшоў на кафедру беларускай літаратуры Мінскага педінстытута у 1970 годзе з гэтай навучальнай установай звязана ўсё далейшае жыццё даследчыка: тут ён закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю (кіраўнік – прафесар Ю. Пшыркоў), напісаў першыя літаратурна-крытычныя артыкулы для рэспубліканскага друку. У вострых навуковых дыскусіях даводзілася адстойваць свае погляды, уласную канцэпцыю літаратурнага працэсу. Плённая праца літаратуразнаўцы ўвасобілася ў кнігах “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917-1940” (1981), “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1941-1980” (1983), для якіх ён падрыхтаваў раздзелы “Кузьма Чорны”, “Іван Мележ”, “Васіль Быкаў”. Аляксей Уладзіміравіч таксама прымаў удзел у складанні Збору твораў К. Чорнага у 6 тамах (1988 – 1991).
У 1990 годзе Аляксей Уладзіміравіч стаў членам СССР. У гэты ж час выйшлі зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў “Імгненні…”, “Пафас станаўлення”, у якіх даследуецца праблематыка і асноўныя матывы беларускай паэзіі і прозы ст. у кантэксце эстэтычнай сістэмы, характэрнай для беларускай літаратуры, прасякнутай пафасам адраджэння нацыі і асобы.
Аляксея Рагулю ў краіне ведаюць як аўтара прац па методыцы выкладання беларускай літаратуры у школе (“Беларуская літаратура ў 4 класе: Метадычныя парады да падручніка”), суаўтара “Методыкі выкладання беларускай літаратуры” і як аднаго ca складальнікаў падручніка-хрэстаматыі для VIII класа, а таксама праграмы па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. У 2002-2003 гг. прайшоў выпрабаванне падручнік-хрэстаматыя “Беларуская літаратура. IX клас” (у суаўтарстве з В. Кушнярэвіч).
Высокі інтэлект даследчыка і выкладчыка ў спалучэнні з вулканічнай энергетыкай, актыўнай жыццёвай пазіцыяй і разам з тым чалавечай прыстойнасцю, добразычлівасцю абумовілі павагу, аўтарытэт у педагагічным і навуковым асяродку. За плённую працу ў галіне асветы А. Рагуля ўзнагароджаны знакам “Выдатнік асветы”.
На факультэце беларускай філалогіі і культуры Мінскага педінстытута ў 1992 г. была створана кафедра тэорыі і гісторыі культуры, якую ўзначаліў Аляксей Уладзіміравіч. Навуковыя інтарэсы кафедры засяроджаны на шматаспектнай праблеме – суб’ект культуры, нацыя, асоба, нацыянальная канцэпталогія, беларуская культура ў сярэднееўрапейскім рэгіёне. У 1994 г. быў створаны факультэт народнай культуры, першым дэканам якога прызначылі прафесара А. Рагулю. У атмасферы творчага пошуку і паразумення, калегіяльнасці здзейснены шматлікія навуковыя задумы, дзе набрала моц новае пакаленне спецыялістаў. На базе кафедры па ініцыятыве Аляксея Уладзіміравіча былі праведзены два міжнародныя кангрэсы “Беларускае Асветніцтва: вопыт тысячагоддзя”, якія сталі значнай з’явай у культуралагічнай навуцы рэспублікі. Выйшаў кафедральны зборнік тыпавых праграм па культуралагічных дысцыплінах для вышэйшых навучальных устаноў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. А. Рагуля – аўтар праграм па асноўных тэарэтычных дысцыплінах: “Уводзіны ў культуралогію”, “Філасофія культуры”, “Гісторыя сусветнай культуры”, “Гісторыя беларускай культуры”, “Гісторыя беларускай грамадскай думкі”.
За плячыма вялікі шлях, пройдзены Аляксеем Уладзіміравічам сумленна, па-людску. Здзейснены самыя запаветныя мары. Радуюць добрыя, разумныя сыны і ўнукі – прадаўжальнікі роду. Вучняў, якім даў блаславенне на пачэсную і такую нялёгкую працу, не злічыць. У кожнага з ix каштоўным успамінам застануцца лекцыі прафесара А. Рагулі і прыцягальнасць яго асобы, арыгінальны стыль выкладання, высокі інтэлектуальны патэнцыял, артыстызм і цвёрдая грамадзянская пазіцыя. З першых заняткаў задаецца высокая планка навучання. Выкладчыку ўласцівыя напружаная праца думкі, засяроджанасць, фенаменальнае веданне мастацкіх твораў на памяць. І як разрадка – дасціпны інтэлектуальны гумар. Прафесар робіць пераварот у свядомасці сваіх студэнтаў – вызначальным крытэрам ацэнкі самога сябе іншых становіцца высокая культура зносінаў, навуковая этыка, здольнасць мець і адстойваць уласную думку. Пад навуковым кіраўніцтвам Аляксея Уладзіміравіча рыхтуюцца і абараняюцца кандыдацкія дысертацыі па культуралогіі, пішуцца дыпломныя праекты. А. Рагуля – член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.
За 35 гадоў Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка стаў другім домам для Аляксея Уладзіміравіча, яго творчай лабараторыяй. Менавіта тут нараджаюцца і вывяраюцца яго канцэпцыі, праходзяць апрабацыю ў студэнцкай аўдыторыі, сярод выкладчыкаў кафедры, укараняюцца ў навучальны працэс.
Аляксей Уладзіміравіч заўсёды ў эпіцэнтры навуковых дыскусій, творчых задумак, цікавых сустрэч. Яго парады, меркаванні, кансультацыі запатрабаваны калегамі, навукоўцамі Беларусі. Быць вучнем прафесара Аляксея Рагулі ганарова і адказна.
Бібліяграфія:
- Рагуля Аляксей Уладзіміравіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік. – Мн., 1995. – Т. 5.– С. 121.
- Сухоцкая, Т. Заўсёды ў творчым пошуку / Таіса Сухоцкая // Роднае слова. – 2005. – № 3.– С. 45 – 46.