Непадалёку ад Навагародка, у маёнтку Рута, з’явіўся на свет Язэп Руцкі (1574-1637) – выдатны пісьменнік, педагог і рэлігійны дзеяч. Атрымаў адукацыю ў Пражскім і Вюрцбургскім універсітэтах, Грэцкім калегіуме ў Рыме. Пасля вяртання на радзіму яго прызначалі кіраўніком Віленскай семінарыі. Тут Я.Руцкі падрыхтаваў навукапедагагічны трактат “Дыскурсус”, у якім абгрунтаваў неабходнасць рэформаў у сферы адукацыі і выхавання. Ён раіў пераймаць вопыт лацінскіх і рымскіх настаўнікаў, але ажыццяўляць навучанне пераважна дома, на радзіме, удасканальваючы свае школы.
1 студзеня 1608 года Руцкі прыняў манаскі пастрыг пад імем Язэпа. З гэтага моманту яго жыццё цалкам знітавалася з Уніятскай царквою. Ён выхоўваў маладых манахаў, чытаў ім лекцыі з багаслоўя, навучаў лацінскай і царкоўнаславянскай мовам. Даволі хутка Язэп Руцкі стаў вельмі ўплывовай асобай сярод віленскіх уніятаў, а неўзабаве – уніяцкім мітрапалітам. Да найбольш значных заслуг Руцкага варта аднесці пабудову новых бажніц, заснаванне манастыроў, далучэнне Менскага Узнясенскага манастыра да Уніяцкай царквы.
Бібліяграфія:
- Войніч,І. Пісьменнік – палеміст: [пра Я. Руцкага] / І. Войніч // Спадчына. – 1991. – №5. – С. 45–51.
- Руцкі Іосіф Вельямін // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мн., 1995. – С.287–289.
- Конан,Н.У. Будаўнік беларускай царквы: [пра Язэпа Руцкага] / У. Конан // Крыніца. – 1996. – №5-6. – С. 3-19.