Асветніца, лекарка Саламея Русецкая (1718 – пасля 1760) нарадзілася на Навагрудчыне ў сям’і мешчаніна Яўхіма Русецкага. 14 – гадовую дзяўчыну ў 1731 годзе аддалі замуж за лекара – немца Якуба Хальпіра, і маладажоны адразу накіраваліся ў Стамбул, дзе Хальпір распачаў лекарскую дзейнасць. Саламея зацікавілася заняткамі мужа і неўзабаве пачала яму дапамагаць.Яна вызначалася назіральнасцю,розумам і здольнасцямі, таму даволі хутка авалодала метадамі лячэння і пачала практыкываць самастойна. Знаёмы іракскі лекар раскрыў ёй спосабы і сродкі лячэння хвароб вачэй. Праз пэўны час яна набыла столькі ведаў і вопыту, што атрымала афіцыйна дазвол на лекарскую дзейнасць.
Слуга Хальпіра, італьянец, навучыў Саламею асновам лацінскай мовы, і яна змагла выпісваць рэцэпты. Набытыя кнігі па медыцыне і фармакалогіі дапамаглі ёй пастаянна ўдасканальваць свае веды. Пасля заўчаснай смерці мужа Русецкая атрымала ў спадчыну даволі значныя сродкі, якія яна расходавала ў асноўным на вандроўкі і справы міласэрднасці, у т. л. на выкуп палонных салдат. Сярод самых імяніты пацыентаў лекаркі ў гэты час быў трансільванскі князь Іожаф Ракачы, галоўны прэтэндэнт на венгерскі прастол. У якасці лекаркі яе запрасілі Радзівіл Міхал Рыбанька і яго жонка Уршуля. У Расіі імператрыца Ганна Іванаўна наблізіла Русецкую да сябе, прыняла яе ў штат прыдворнай абслугі. Пэўны час Русецкая практыкавала ў Вене, лячыла членаў турэцкага пасольства. Апошняе вядомае месца яе лекарскай дзейнасці – Стамбул. На гэты раз сяродяе пацыентаў былі турэцкія саноўнікі, сёстры султана і жанчыны яго гарэма У 1760 са Стамбула Русецкая накіравалася паломніцай у Святую зямлю. У яе планы ўваходзіла наведванне Палесціны і Егіпта. Далейшы лёс яе невядомы.
Пасля сябе Русецкая пакінула цікавы ўзор эпісталярнай спадчыны –дзённік – кнігу “Авантуры майго жыцця.” У ім – успаміны і ўласныя разважанні наконт тагачасных падзей, цікавыя замалёўкі партрэты падзей, якія сустракаліся ў час яе вандровак па краінах Захаду і Усходу. Шмат месца у кнізе адведзена апісанню побыту і нораваў розных народаў, выкладзены метады лячэння розных хвароб. Лекарка шмат у чым апіралася на здабыткі народнай медыцыны,распаўсюджвала вучэнне пра гігіену і фізічнае выхаванне.
Бібліяграфія:
- Асветнікі зямлі Беларускай. Х – пачатак ХХ ст. : энцыклапедычны даведнік / рэд. кал.: Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) i iнш.; 2-е выд. – Мн. : БелЭн, 2006. – С. 353.
- Асветнікі зямлі Беларускай: 10 – пачатак 20 ст.: Энцыкл. даведнік. Мн.: БелЭн, 2006. – С.353
- Грыцкевіч, В. П. Адысея наваградскай лекаркі : Саламея Русецкая / Валянцін Пятровіч Грыцкевіч. – Мн. : Навука і тэхніка, 1989.- 53 с. – (Нашы славутыя землякі).