Шагідэвіч Алій Амуратавіч – старшыня і духоўны настаўнік-імам мусульманскай абшчыны ў Навагрудку.
Нарадзіўся 6 студзеня 1923 г. у Навагрудку. Да вайны закончыў 7 класаў польскай школы. Мусульманскую адукацыю атрымаў у годжыя – настаўніка дзяцей з мусульманскіх сем’яў. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у кавалерыі (спрадвечны занятак татарскіх воінаў). Адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх і ордэн Чырвонай Зоркі. Пасля вайны працаваў на розных прадпрыемствах Навагрудка, але найбольш – на вядомым на ўсёй Беларусі заводзе газавай апаратуры. Ён не проста выконваў свае абавязкі, а ўвесь час удасканальваў вытворчы працэс, рабіў каштоўныя прапановы.
Справы А. Шагідэвіча на карысць свайго народа выклікаюць у людзей вялікую павагу і давер. З пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя і па 2009 г. узначальваў мусульманскую абшчыну ў Навагрудку. На плечы імама лёг асноўны цяжар па адбудове дзвюх мячэцяў – Наваградскай (1997) і Лоўчыцкай (2002). У іх шмат чаго ён зрабіў сваімі рукамі. Дзякуючы яго арганізатарскай працы і непасрэднаму ўдзелу дабраўпарадкаваны старажытныя татарскія мізары (могілкі) у Лоўчыцах і Навагрудку.