Стаброўскі Казімір Антонавіч — мастак, педагог і артыст з Наваградчыны.
Нарадзіўся Казімір Стаброўскі ў маёнтку Крупляны на Наваградчыне ў сям’і вайскоўца. Пасля заканчэння Беластоцкага рэальнага вучылішча паступіў у Пецярбугскую Акадэмію мастацтваў. Вучыўся 7 гадоў з невялікімі, але частымі перапынкамі. З-за хваробы вачэй прыязджаў дамоў, каб падлячыцца. У апошнія гады вучобы займаўся ў майстэрні Ільі Рэпіна. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў К. Стаброўскі працягваў вучобу ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы.
У канцы 1894 г. вяртаецца на Наваградчыну, доўгі час тут жыве і працуе. Як ужо вядомы і вопытны мастак, ён удзельнічае ў мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. За карціну „Цішыня вёскі” ў 1900 г. на міжнароднай выстаўцы ў Парыжы Казімір Стаброўскі атрымаў сярэбраны медаль. Яго карціна „Ля раз’езда” была набыта для музея ў Мюнхене, а другая — „Лазенкаўскі парк у Варшаве” — для Венецыянскай нацыянальнай галерэі. у 1904 г. на ўласныя сродкі і ахвяраванні іншых асоб у Варшаве ён адкрывае Школу прыгожых мастацтваў.
Пражыў наш зямляк крыху больш за 50 гадоў. Памёр ад інфаркту ў 1929 г. Газета „Кур’ер Варшаўскі” 10 чэрвеня 1929 г. пісала: „Памёр вядомы чалавек, знакаміты артыст, энтузіяст усяго прыгожага, слынны арганізатар і філосаф Казімір Стаброўскі. Гэта быў чалавек вялікай працы”.
Казімір Стаброўскі працаваў шмат і пакінуў багатую спадчыну. На жаль, творы яго раскіданы па свеце. Сёння вельмі цяжка сказаць, праз колькі гадоў з’явіцца магчымасць наладзіць на яго радзіме — роднай Беларусі ці ў Наваградку — выставу ягоных карцін. Але верыцца ў гэта. Калі некаму пашанцуе пабываць у мастацкіх музеях Польшчы, Германіі, Італіі, Расіі, вы сустрэнецеся з карцінамі нашага славутага земляка Казіміра Стаброўскага. Яны прыцягнуць прыгожымі вясковымі краявідамі Беларусі, міфалагічнымі вобразамі, драмай і містыкай. За ўсім гэтым — глыбокія філасофскія роздумы над мінулым і будучыняй сваёй Бацькаўшчыны. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1887-94), акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Пасля 1894 года жыў і працаваў на Гродзеншчыне. Удзельнічаў у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. 3 1902 член Таварыства польскіх мастакоў «Штука» і Таварыства падтрымкі прыгожых мастацтваў. Заснавальнік і кіраўнік (1904-09) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1922 заснаваў аб’яднанне мастакоў «Sursum Corda». Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн. Сярод работ: «Магамет у пустыні» (1894), «Цішыня ў вёсцы» (паміж 1894-1900), серыя з 11 карцін «Шэсце навальніцы», «Белая ноч у Петраградзе каля раз’езда», «Змярканне ў Лазенкаўскім парку ў Варшаве», «Белыя ночы», партрэты С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і інш.
К. Стаброўскі быў чалавекам вялікага і разнастайнага таленту. Ён меў ступень артыста першай катэгорыі, выступаў на сцэнах многіх тэатраў. Мастак пакінуў пасля сябе багатую спадчыну, узбагаціў нацыянальнае мастацтва сваёй творчасцю.
Бібліяграфія:
- 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур = 250 people from Belarus in the dialogue of cultures / [рэдактары: Т. Л. Пісарэнка, Л. У. Языковіч]. – Мінск, 2008. – С. 262—263.
- Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2002. – Т. 15. – С. 126.
- Вяртанне імёнаў : нарысы пра мастакоў : у 2 кн. / Барыс Крэпак. – Мінск, 2013. – Кн. 1. – С. 220—230.
- Краткая история живописи Беларуси. XVI век – начало ХХ века / Ленина Миронова. – Минск, [2016]. – С. 250—253.
- Культура. – 2012. – 27 кастрычніка (№ 43). – С. 15.
- Наваградскія чытанні : матэрыялы навуковай канферэнцыі да 950-годдзя г. Навагрудка і 400-годдзя герба горада. – Мінск, 1996. – Вып. 4. – С. 111—115.
- Пакліканыя на родны парог : гісторыка-краязнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. – Мінск, 2005. – С. 57—60.
- Слонімскія падмуркі : гісторыка-краязнаўчыя і літаратуразнаўчыя артыкулы / Сяргей Чыгрын. – Мінск, 2012. – С. 140—142.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 104.