Светачава Лізавета Андрэеўна

07bПа вуліцы Савецкай у гарадзе Навагрудку жыла заслужаны ўрач БССР Лізавета Андрэеўна Светачава. Не аднаму хвораму яна выратавала жыццё, вярнула ў строй.

Нарадзілася Светачава Л.А. у 1912 годзе ў вёсцы Будзёнаўка Чуркуленаўскага раёна, Семіпалацінскай вобласці. Рана страціла бацькоў, выхоўвалася ў сіроцкім дзіцячым доме, вучылася ў школе. Спачатку працавала медсястрой, затым скончыла Ленінградскі медінстытут. Пачалася вайна.

Светачава Л.А.. – маёр медыцынскай службы. Яе паважалі франтавікі, ёй верылі раненыя. Бяссонныя ночы праводзіла ўрач ля аперацыйнага стала, спасала жыцці людзей.

Пасля вайны Лізавета Андрэеўна шмат гадоў працавала хірургам у Навагрудскай раённай бальніцы, затым галоўным урачом процітуберкулёзнага дыспансера, які, дарэчы, размяшчаўся па вуліцы Савецкай (насупраць аўтастанцыі).

Калектыў процітубдыспансера на чале з працавітым актыўным урачом Светачавай Л.А. упершыню ў краіне ажыццявілі ідэю суцэльнага флюраабследавання ўсяго насельніцтва з мэтай выяўлення ўсіх хворых на сухоты і арганізацыі іх аздараўлення.

За гэта калектыў атрымаў грашовую прэмію Міністэрства аховы здароўя СССР. У 1970 г. ёй прысвоілі званне Заслужаны ўрач рэспублікі. Светачава Л.А. за сваю работу ў 1972 г. была ўзнагароджана ордэнам Леніна,  двума ордэнамі Чырвонай зоркі, Айчыннай вайны І ступені і многімі медалямі.

У выніку памяншэння захворванняў на сухоты тубдыспансер на 45 ложкаў быў закрыты.

 

Бібліяграфія:

  1. Аўсяны, А. Засталася ў страі: Светачава Лізавета Андрэеўна: / А. Аўсяны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн., 1996.– С.494
  2. Светачава Лізавета Андрэеўна: заслужаны урач // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн., 1996.– С.494