Валчэцкі Віктар Дзмітрыевіч

image252Нарадзіўся 15 лістапада 1922 года ў вёсцы Навіны ў сялянскай сям’і. Бацька, Дзмітрый Якаўлевіч, і маці Дамініка Адамаўна, былі заняты ў сельскай гаспадарцы. У сям’і выхоўвалася пяцёра дзяцей. Старэйшым быў Іван, потым Віктар і тры сястры – Марыя, Таіса, Ганна. Так як бацька быў інвалідам, дапамагаць апрацоўваць зямлю даводзілася хлопцам змалку. Ды і ў школу пайшоў Віця са спазненнем. Аднак інтарэс да чытання ў хлопчыка прабудзіўся вельмі рана. Ён быў цікаўным і часта дапытваўся ў бацькі аб незразумелых яму Саветах, пра якія многія вяскоўцы гаварылі ўпотай, аб жыцці людзей у іншых краінах і марыў жыць у такой краіне, дзе няма ні бедных, ні багатых.

А потым, калі падрастаў, Віктар стаў усё разумець па-іншаму. Ён прыхільна адносіўся да нелягальных маладзёжных арганізацый, слухаў прамовы падпольшчыкаў. Чытаў лістоўкі (яму ўсё ж удалося закончыць два класы Навінскай школы). Пазней і сам пачаў распаўсюджваць сярод насельніцтва лістоўкі, кнігі, якія дастаўляліся падпольнымі арганізацыямі.

І марыў. Марыў аб тым  шчаслівым жыцці, якім жывуць у Савецкім Саюзе. Колькі разоў уяўляў размах развіцця індустрыі. Ён чуў, як працуюць юнакі і дзяўчаты на Магнітцы, ведаў якая будуецца ГЭС на Дняпры, якія новыя выраслі шахты. І яму здаецца вельмі маленькай і цеснай родная вёсачка Навіны, акружаная з усіх бакоў лесам.

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР ён накіроўваецца добраахвотнікам на здабычу вугалю ў Варашылаўград.

Віктар быў здатны для шахцёрскай работы. Працаваў самааддана. Адразу ж аброс сябрамі, таварышамі. І ўсё біў у адну кропку: як мага лепш авалодаць шахцёрскай справай. Запісаўся ва ўсе бібліятэкі, паступіў на курсы забойшчыкаў, настойліва вывучаў вопыт перадавікоў. Рыхтаваўся да самастойнай работы. Стаў крапільшчыкам.

На Навагрудчыну прыехаў на адпачынак і ў маі 1941 года.

На пачатку вайны з братам Іванам сабраў зброю, якая засталася пасля баёў: больш дзесяці вінтовак, кулямёт, гранаты, патроны.       Віктар ў партызанам атрада “Кастрычнік”, што дзейнічаў у раёне Пятрэвіч, Бярозаўкі, Наваельні. Удзельнічаў у шматлікіх аперацыях. Загінуў 5 чэрвеня 1944 года. Яго іменем названа вуліца Навагрудка. (Былая Чыгуначная).

 

Бібліяграфія:

  1. Активные участники партизанского движения на Гродненщине: Виктор Волчецкий: фото // Гродненская правда. – 1967. – 17 августа. – № 162. – С. 3
  2. В принеманских лесах. Воспоминания партизан и подпольщиков: [в т.ч. командир партизанского отряда В, И, Панченко рассказывает о действиях отряда, в котором был Виктор Волчецкий] – Мн.: Беларусь,1975.- С.108-117.
  3. Дарожны, В. Загінулі як героі: [пра М.Белуша і В. Валчэцкага, якія загінулі на Навагрудчыне пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў] /В. Дарожны // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 2004. – 16 чэрвеня
  4. Их именами названы…: энциклопедический справочник:[в т. ч. биография Виктора Волчецкого]. – Мн.: Бел Сэ,1987. – С.121.
  5. Карташоў, М. Вяртанне: дакументальная аповесць / М. Карташоў // Новае жыццё(Навагрудскі раён). – 1979. – № 112, 113, 114, 115, 117.
  6. Королёв, Н. Улица брата: документальная повесть / Н. Королёв // Гродненская правда. – 1980. – № 177, 179, 180, 182, 183.
  7. Памяць: гісторыка-дакументальная. хроніка Навагрудскага раёна:[у т. л. пра партызанскую барацьбу з ворагам на тэрыторыі Навагрудскага раёна, дзеянне партызанскага атрада “Кастрычніцкі”]. – Мн.: Беларусь,1996. – с.274, 290-292.
  8. Памяць жыве: краязнаўча-бібліяграфічны дайджэст [Віктар Валчэцкі] / Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка. Аддзел па абслугоўванню дзіцячага чытача. – Навагрудак, 2009. – (Іх імёны ў вуліцах горада. Вып.2)
  9. Свята удалося:[ свята вуліцы, якая носіць імя партызана Віктара Валчэцкага, прысвечанае 55-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г.Навагрудку] // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 1999. – № 55. – 10 ліпеня.- С.1
  10. Юрчык, Л. Памяць жыве. Віктар Валчэцкі / Л.Юрчык // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 2009. – 1 ліпеня. – С. 3.