Загідуліна Марына Аляксееўна

936eb1f6-7c24-4c4f-bc2d-6a366f568b06_cx45_cy15_cw55_w610_r1_s_r1Загідуліна Марына Аляксееўна (дзявочае Пяткевіч) – беларускі мастацтвазнаўца. Нарадзілася ў 1955 годзе ў Навагрудку.

З сям’і інтэлігенцыі, якая неўзабаве пераехала ў Гродна. Вучылася ў СШ № 14, скончыла СШ № 2. Затым вучылася на аддзяленні беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ (1972-77).

Працавала навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела праваслаўя ў Рэспубліканскім музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне (1977-82). З 1982 года – працавала ў упраўленні культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, адначасова з 1994 выкладае мастацтвазнаўчыя дысцыпліны ў Гродзенскім універсітэце. У 1993 годзе скончыла завочна мастацтвазнаўчае аддзяленне Беларускай акадэміі мастацтваў, затым – аспірантуру на кафедры тэорыі і гісторыі мастацтва гэтай акадэміі (1997).

Друкуецца з 1983 года. Аўтар шматлікіх публікацый у навуковых і перыядычных выданнях па гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва, пра мастацкае жыццё Гродзеншчыны.

Бібліяграфія:

  1. Пяткевіч, А. Загідуліна Марына Аляксееўна // Людзі культуры Гродзеншчыны : даведнік. – Гродна ГрДУ, 2000. – С. 104.
  2. Грынь, І. Нашы землякі. Загідуліна Марына Аляксееўна // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы: (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы).  – Мінск : Рыфтур, 2010. – С. 358.