Аляшкевіч Фёдар Васільевіч

olechkevich

Аляшкевіч Фёдар Васільевіч (05.05.1936 – 29.12.2008), нейрахірург. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996 г.; чл.-кар. з 1994), доктар медыцынскіх навук (1973), прафесар (1980 г.). Нарадзіўся ў вёсцы Балотца Навагрудскага раёна.

У 1959 годзе закончыў Мінскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці   лячэбная справа.

Ф. В. Аляшкевіч з ліпеня па кастрычнік 1959 года працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення Суботнікаўскай участковай бальніцы Іўеўскага раёна, а затым да 1961 года – намеснікам галоўнага ўрача Іўеўскага раёна па лячэбнай частцы.

З 1961 года па 1964 з’яўляўся аспірантам па нейрахірургіі пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (г. Мінск), а з 1964 па 1965 гады – ардынатарам нейрахірургічнага аддзялення Мінскай  абласной бальніцы.

З 1965 па 1974 год Фёдар Васільевіч працуе старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі.

З 1974 г. дацэнт, прафесар, загадчык курсам нейрахірургіі Мінскага медінстытута, з 1989 г. загадчык кафедры, з 2007 г. прафесар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта.

У 1980-2000 гг. галоўны нейрахірург Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У 2000-2004 гг. член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ф.В. Аляшкевіч з’яўляўся акадэмікам Еўрапейскай акадэміі нейратраўм.

Фёдар Васільевіч з’яўляўся буйным вучоным у галіне нейрахірургіі. Ім выкананы фундаментальныя даследаванні па дыягностыцы і лячэнню сасудзістых захворванняў галаўнога мозга, а таксама прапанаваны новыя спосабы лячэння эпілепсіі, дыягностыкі і лячэння цяжкіх удараў галаўнога мозга і ўнутрычарапных траўматычных гематом. Распрацаваў і ўжыў новы метад лячэння артэрыяльнага спазму мазгавых сасудаў – мясцовае ўздзеянне навакаінаміда на сасуды мозгу. Упершыню вывучыў ролю і значэнне перакіснага акіслення ліпідаў пры чэрапна-мазгавой траўме.

Па ініцыятыве Ф. В. Аляшкевіча былі адкрыты Рэспубліканскі цэнтр спінальнай траўмы і Рэспубліканскі цэнтр дзіцячай хірургіі.

Ф. В. Аляшкевіч дастойна прадстаўляў інтарэсы грамадзян ад шостай акругі, у якую ўваходзілі Карэліцкі і Навагрудскі раёны, у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання.

За дасягненні ў галіне медыцынскай навукі і практыкі ўзнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя”, неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Але самай галоўнай узнагародай для гэтага цудоўнага чалавека заўсёды была ўдзячнасць пацыентаў, якім ён вярнуў  жыццё і здароўе.

Фёдар Васільевіч не абмяжоўваўся працай у сталіцы. Пад яго кіраўніцтвам у Карэліцкім раёне, адзіным у рэспубліцы, на працягу сямі гадоў працавалі вопытнейшыя спецыялісты з Мінска, якія вялі прыём грамадзян у райцэнтры і сельскіх медустановах, давалі кансультацыі, аказвалі практычную дапамогу.

Аўтар каля 300 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій і 6 вынаходак.

Навуковыя працы:

  1. Ангиографическая диагностика сосудистых поражений и опухолей головного мозга / Э. И. Злотник [и др.] (совм. с Э.И. Злотником, И.П. Антоновым, З.М. Кастрицкой. – Минск : Беларусь, 1973. – 229, [3] с.
  2. Олешкевич, Ф. В. Травматические субдуральные гематомы / Ф.В. Олешкевич, Н.И.Рожанец. – Мн. : Беларусь, 1980. – 125, [2] с.
  3. Олешкевич, Ф. В. Нейрохирургия.Операции на головном мозге : справ.пособие. – Мн. : Выш.шк., 1993. – 294 с.
  4. Клинические аспекты современной проблемы функциональной асимметрии мозга : (Тез. докл. совещ.-семинара), 31 мая – 1 июня 1989 г. / Редкол.: Ф.В.Олешкевич (отв. ред.) и др.. – Мн., 1989. – 76 с.
  5. Олешкевич, Ф. В. Хирургическое лечение внутричерепных мешотчатых аневризм : (14.00.28): (Анализ результатов, артер. спазм, микрохирургия). Автореф. дис. на соиск. учен. степени д-ра мед. наук / АМН СССР. Науч.-ислед. ин-т нейрохирургии им. Н. Н. Бурденко. – М., 1973. – 24 с.
  6. Олешкевич, Ф. В. Клиника и диагностика супратенториальных артерио-венозных аневризм сосудов головного мозга : автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата медицинских наук / Ф. В. Алешкевич; Витебский государственный медицинский институт. – Минск, 1965. – 17, [1] с.
  7. Травмы головы и шеи : справ. для врачей / [Ф.В. Олешкевич, А.Ф. Олешкевич, И.М.Король и др.; сост. Г.А.Шершель]. – Мн. : Беларусь, 1999. – 294, [1] с.
  8. Олешкевич, Ф. В. Травма нервной системы // Справочник по диагностике и дифференциальной диагностике хирургических болезней / [В. Г. Астапенко и др.; составитель В. Г. Астапенко]; под редакцией В. Г. Астапенко. – Минск : Беларусь, 1988. – С. ?.

Бібліяграфія:

  1. Аляшкевіч Фёдар Васільевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 1. – С. 302.
  2. Олешкевич Фёдор Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. – Мінск, 2007. – Т. 5. – С. 561.
  3. Памяти академика Федора Васильевича Олешкевича // Весці НАН Беларусі. Сер. мед. навук. – 2009. – № 1.
  4. Ведущий нейрохирург республики (к 70-летию академика НАНБ Ф.В. Олешкевича) // Медицинские новости. 2006. – № 4. – С. 135-136.
  5. Фёдор Васильевич Олешкевич (К 70-летию со дня рождения) // Белорусский медицинский журнал. – 2006. – № 2 (16).
  6. Скибицкая, Т. Академик Олешкевич “вернулся” в Щорсы : [в д. Щорсы Новогрудского района открыта мемориальная доска Ф.В. Олешкевичу, белорусскому нейрохирургу, академику НАН Беларуси] //  Медицинский вестник. –  2011. – №6. – С. 9.
  7. Грынь, І. Слынныя постаці шчорсаўскай зямлі : [у Шчорсаўскім садзе-СШ з’явілася мемарыяльная дошка ў памяць пра славутага земляка, выпускніка школы Ф.В. Аляшкевіча] //  Гродзенская праўда. –  2011. – 26 лютага. –  С. 3.
  8. Шымко, Таццяна. У памяць пра славутага земляка : [у Шчорсаўскім садзе-СШ з’явілася мемарыяльная дошка у памяць пра славутага земляка, выпускніка школы Ф.В. Аляшкевіча] //  Новае жыццё (Навагрудскi раён). – 2011. – 22 студзеня. – С. 1
  9. Аляшкевіч Фёдар Васільевіч // Полымя (Карэліцкі раён). – 2009. – 6 студзеня. – С. 2.