Анішчык Аляксей Сцяпанавіч (19.07. 1912–31.03.2007; псеўданімы: Андрэй Чэмер; А. Шпак) – беларускі краязнавец, педагог, пісьменнік (паэт, празаік, перакладчык, мемуарыст), журналіст, грамадскі дзеяч пісьменнік.
Нарадзіўся 19 ліпеня 1912 г. на хутары Мондзіна ў Навагрудскім раёне. З сялянскай сям’і. Пачаў вучыцца ў в. Мондзіна. Затым паступіў у 3-ці клас Навагрудскай беларускай гімназіі, якую скончыў у 1930 годзе. Скончыў эканамічны факультэт Віленскага універсітэта (1935); магістр эканамічных навук.
Працаваў у псіхатэхнічным інстытуце ў Катавіцах (Польшча), кіраваў тут інжынерна-тэхнічнымі курсамі. У верасні 1939 запісаўся ў батальён, які абараняў Варшаву ад немцаў, за што пазней быў узнагароджаны медалём. Пасля капітуляцыі Польшчы вярнуўся ў Навагрудак. У 1939-40 гг. – настаўнік беларускай мовы і літаратуры Навагрудскай беларускай гімназіі (пазней СПІ). У 1940-41 гг. – на Беласточчыне (працаваў на тэкстыльным камбінаце ў Гарадку, дырэктарам школы ў фабрычным пасёлку Чарнавесь). У 1941-42 гг. – загадчык 7-годкі ў Уселюбе (Навагрудскі р-н). З 1942 г. – выкладчык беларускай настаўніцкай семінарыі ў Навагрудку. Публікаваўся ў газеце “За праўду”, са студзеня 1944 яе рэдактар. У лютым – маі 1944 загадчык Навагрудскай друкарні, у маі-чэрвені супрацоўнік сектара радыёперадач Беларускага культурнага цэнтра ў Мінску.
Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэсу (1944). Пры адступленні нямецкіх войск выехаў у Германію. У 1945-48 гг. – на журналісцкай рабоце ў Польшчы (у Катавіцах, Кракаве, Вроцлаве, Шчэціне). Узначаліў ваяводскі аддзел выдавецтва «Czytelnik» у Вроцлаве і Шчэціне. Арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў маі 1948; вывезены ў Мінск. За супрацоўніцтва з немцамі прысуджаны да расстрэлу, замененага 25 гадамі зняволення. Рэпрэсаваны савецкімі ўладамі і зняволены ў канцлагерах у Запаляр’і. Выйшаўшы
на волю ў 1957 г., быў хутка вернуты ў канцлагер у Комі АССР, адкуль пераведзены ў Дубраўлаг (Мардовія). Правёў у лагерах Запаляр’я і Мардовіі 14 гадоў. Вызваліўся ў 1962 годзе.
Вярнуўся на Радзіму. Працаваў эканамістам на Навагрудчыне, у Лідзе, Воранаве, у 1967-78 гг. у Літве (Эйшышкі). Жыў у Вільні. Узначальваў суполку віленскіх беларускіх палітвязняў.
Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах. Друкаваў (з 1936 г.) апавяданні, крытычныя і публіцыстычныя артыкулы ў часопісах “Калоссе”, “Шлях моладзі”, “Беларускі летапіс”. З 1950-х друкуе вершы.
Выдаў (пад псеўданімам Андрэй Чэмер) у Вільнюсе дакументальную аповесць вершам “Мондзінская балада” (1996), зборнік вершаў і перакладаў на рускай мове “Жыццё жывым належыць” (1996), у тым жа годзе зборнік перавыдадзены пад прозвішчам аўтара на польскай мове), краязнаўчае даследаванне “Наваградзкая беларуская гімназія” (1997), літаратурна-біяграфічны нарыс “Сяргей Хмара” (1998), кнігу пра Б. Кіта і яго вучняў, пра іх стасункі з Навагрудчынай – “Выбраныя Богам” (1999). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2000. Падрыхтаваў кнігу мемуараў.
Памёр Аляксей Анішчык 31 сакавіка 2007 г. у Вільнюсе. Пахаваны на віленскіх Свята-Ефрасіннеўскіх могілках.