Анішчык Аляксей Сцяпанавіч

Анішчык  Аляксей  Сцяпанавіч (19.07. 1912–31.03.2007; псеўданімы: Андрэй Чэмер; А. Шпак)  – беларускі краязнавец, педагог, пісьменнік (паэт, празаік,  перакладчык, мемуарыст), журналіст, грамадскі дзеяч пісьменнік.

Нарадзіўся 19 ліпеня 1912 г. на хутары Мондзіна ў Навагрудскім раёне. З  сялянскай  сям’і.  Пачаў  вучыцца  ў  в. Мондзіна.  Затым  паступіў  у  3-ці  клас  Навагрудскай  беларускай гімназіі,  якую  скончыў  у 1930 годзе. Скончыў  эканамічны  факультэт Віленскага універсітэта (1935); магістр эканамічных навук.

Працаваў у псіхатэхнічным інстытуце ў Катавіцах (Польшча), кіраваў тут інжынерна-тэхнічнымі курсамі. У верасні 1939 запісаўся ў батальён, які абараняў Варшаву ад немцаў, за што пазней быў узнагароджаны медалём. Пасля капітуляцыі Польшчы вярнуўся ў Навагрудак. У 1939-40 гг. – настаўнік  беларускай  мовы  і літаратуры Навагрудскай беларускай гімназіі (пазней СПІ). У 1940-41 гг. – на Беласточчыне (працаваў на тэкстыльным камбінаце ў Гарадку, дырэктарам школы ў фабрычным пасёлку Чарнавесь). У 1941-42 гг. – загадчык 7-годкі ў Уселюбе (Навагрудскі р-н). З 1942 г. – выкладчык беларускай настаўніцкай семінарыі ў Навагрудку. Публікаваўся ў газеце “За праўду”, са студзеня 1944 яе рэдактар. У лютым – маі 1944 загадчык Навагрудскай друкарні, у маі-чэрвені супрацоўнік сектара радыёперадач Беларускага культурнага цэнтра ў Мінску.

Удзельнік  2-га  Усебеларускага  кангрэсу (1944). Пры адступленні нямецкіх войск выехаў у Германію. У 1945-48 гг. – на журналісцкай рабоце ў Польшчы (у Катавіцах, Кракаве, Вроцлаве, Шчэціне). Узначаліў ваяводскі аддзел выдавецтва «Czytelnik» у Вроцлаве і Шчэціне. Арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў маі 1948; вывезены ў Мінск. За супрацоўніцтва з немцамі прысуджаны да расстрэлу, замененага 25 гадамі зняволення. Рэпрэсаваны савецкімі ўладамі і зняволены ў канцлагерах у Запаляр’і. Выйшаўшы

на волю ў 1957 г., быў хутка  вернуты  ў  канцлагер  у  Комі  АССР,  адкуль  пераведзены  ў Дубраўлаг  (Мардовія).  Правёў у лагерах Запаляр’я і Мардовіі 14 гадоў. Вызваліўся  ў 1962 годзе.

Вярнуўся на Радзіму. Працаваў  эканамістам  на Навагрудчыне, у Лідзе, Воранаве, у 1967-78 гг. у Літве (Эйшышкі). Жыў у Вільні. Узначальваў суполку віленскіх беларускіх палітвязняў.

Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах. Друкаваў  (з 1936 г.) апавяданні,  крытычныя  і  публіцыстычныя артыкулы ў часопісах “Калоссе”, “Шлях моладзі”, “Беларускі летапіс”. З 1950-х  друкуе  вершы.

Выдаў  (пад  псеўданімам Андрэй  Чэмер)  у Вільнюсе  дакументальную  аповесць  вершам  “Мондзінская  балада” (1996), зборнік вершаў і перакладаў на рускай мове “Жыццё жывым належыць” (1996), у  тым  жа  годзе  зборнік  перавыдадзены  пад прозвішчам  аўтара  на  польскай  мове),  краязнаўчае  даследаванне “Наваградзкая  беларуская  гімназія” (1997), літаратурна-біяграфічны нарыс  “Сяргей  Хмара” (1998), кнігу  пра  Б.  Кіта  і  яго  вучняў, пра іх стасункі з Навагрудчынай – “Выбраныя Богам” (1999). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2000. Падрыхтаваў кнігу мемуараў.

Памёр Аляксей Анішчык 31 сакавіка 2007 г. у Вільнюсе. Пахаваны на віленскіх Свята-Ефрасіннеўскіх могілках.