Цясевіч Платон Іванавіч

novyj-risunok-1Платон Іванавіч Цясевіч нарадзіўся 7 снежня (25 лістапада) 1879 года ў в. Нягневічы Навагрудскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1885 г. у пошуках заработку сям’я прыехала ў Кіеў, а праз 10 гадоў  у Екацярынаслаў. Яшчэ ў Кіеве Платон пачаў спяваць у царкоўных хорах. Займаўся музычнай адукацыяй.

У канцы 1901 г. пачынае выступленні  ў Варшаве. Летам 1902 г. паехаў у Маскву, затым у Пецярбург. Сезон 1904 –1905 гадоў спявае ў Хоркаўскай оперы.

15 верасня 1904 г. адбыўся яго дэбют у партыі Грэміна (“Яўгеній Анегін” П. Чайкоўскага). Поспех артыста вызначыў яго далейшы лёс. Ён выконвае партыю Мефістофеля ў “Фаўсце”. Спектакль стаў удачай спевака. Потым ён выступаў разам з Фёдарам Шаляпіным і Согбіным. 11 лістапада 1908 года  П. Цясевіч упершыню спяваў партыю Барыса Гадунова ў аднайменнай оперы  М. Мусаргскага. У яго рэпертуары было шмат іншых партый, а таксама рамансаў рускіх і замежных кампазітараў.

Пасля 1917 года дае канцэрты для рабочых, у час грамадзянскай вайны – для байцоў Чырвонай Арміі, шмат гастралюе. З 1919 г. выступае на Украіне, пераважна ў Адэсе, дзе з’яўляецца вакалістам гарадской оперы. Вясной 1921 года ў яго распараджэнне быў вылучаны спецыяльны вагон з ахоўнай граматай. Разам з іншымі артыстамі ён аб’ездзіў шмат паўднёвых гарадоў, даючы канцэрты ў дапамогу галадаючым. Вясной 1925 года паводле прадпісання урачэбнай камісіі выехаў за мяжу на лячэнне. У гэты час выступае на сцэнах Германіі, Францыі, Італіі, Румыніі. Увосень 1933 года канчаткова вярнуўся ў Савецкі Саюз. Працаваў салістам Гастрольбюро, раз’яджаў з канцэртамі. Прыязджаў і на родную Беларусь – у Віцебск і Оршу, у Магілёў і Мінск.

У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на Каўказе, выступаў у Армянскім і Грузінскім тэатрах оперы і балета, перад байцамі Чырвонай Арміі. З 1944 года пастаянна жыў у Маскве, быў салістам Усесаюзнага Дзяржаўнага канцэртнага аб’яднання. Апошнія спектаклі з яго ўдзелам прайшлі ў Адэсе ў 1949 годзе. Цяжка захварэўшы ён мусіў спыніць гастролі і вярнуцца ў Маскву.

Урад высока ацаніў заслугі Платона Цясевіча: у 1935 годзе яму было прысвоена званне заслужаннага, а ў 1947 г. – народнага артыста РСФСР.

Памёр 30 лістапада 1958 года, пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Бібліяграфія:

  1. Лысенка,І. Ураджэнец Навагрудчыны – славуты бас Расіі: [пра опернага спевака Платона Цясевіча] / Л. Лысенка // Памяць: гіст.-дак. хроніка Навагруд. р-на.– Мн., 1996.– С. 495-496.
  2. Снітко,А.Спевакі з Нваградчыны: [пра П. Цясевіча] / А. Снітко Наваградскія чытанні. Вып. 4. – Мн.: Хата, 1996. – С. 118-119.
  3. Лысенка,І. Ураджэнец Навагрудчыны – славуты бас Расіі / Л. Лысенка // Мастацтва Беларусі. – 1983. – №9
  4. Яфрэмаў, Ул. Беларус Цясевіч:[пра опернага спевака] / Уладзімір Яфрэмаў – Мн, 1974. – 56с.