Давідовіч Вацлаў

slide_3Нарадзіўся ў  вёсцы Касы Двор Навагрудскага раёна (23.02.1909 – 12.06.1997). Польскі правазнавец, педагог, перакладчык. Доктар права габілітаваны (1959). Прафесар (1974).

3 сялянскай сям’і. Скончыў польскую гімназію ў Навагрудку (1929), факультэт права і грамадскіх навук Віленскага універсітэта (1933). Працаваў у ваяводскай адміністрацыі Вільні (1933-39).

Пасля вайны выехалі ў Польшчу. Працаваў у Міністэрстве гандлю і харчовага забеспячэння, у Міністэрстве прамысловасці і гандлю, у Міністэрстве ўнутранага гандлю (1946-51). Затым – ад’юнкт кафедры адміністрацыйнага права Варшаўскага універсітэта (1951-54), навуковы супрацоўнік Інстытута юрыдычных навук Польскай Акадэміі навук (1954-60). Выкладаў на кафедры права і адміністрацыі Торуньскага універсітэта ў 1960-70 (быў адначасова дэканам юрыдычнага факультэта ў 1960-64, прарэктарам у 1966-67). У 1971-79 – прафесар Інстытута адміністрацыі і кіравання Гданьскага універсітэта. Пазней жыў у Сопаце.

Выйшлі ў Варшаве, Торуні, Гданьску яго даследаванні і падручнікі: “Агульнае адміністрацыйнае развіццё. Нарыс сістэмы” (1962), “Уступ да праўна-адміністрацыйнай навукі” (1974), “Польскае адміністрацыйнае права” (1978), “Адміністрацыйнае развіццё. Лекцыйны курс” (1983), “Адміністрацыйнае права” (1987), “Слоўнік усеагульнага адміністрацыйнага права” (1996).

Выдаў ва ўласным перакладзе на польскую мову “Адысею” Гамера (Сопат, 1997).

Бібліяграфія:

  1. Пяткевіч, А. Людзі культуры Гродзеншчыны: даведнік: [у т. л. пра Давідовіча Вацлава]. – Гродна ГрДУ, 2000. – С. 79.
  2. Грынь, І. Нашы землякі. Давідовіч Вацлаў // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы: (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы).  – Мінск : Рыфтур, 2010. – С. 356.