Джэк Каган

Джэк (Ідэль) Каган нарадзіўся ў Наваградку 7 красавіка 1929 годзе, які стаў пасля адным з тых, хто бег з нацысцкага гета, створаным фашыстамі ў часы другой сусветнай вайны ў нашым горадзе. Падчас нямецкай акупацыі ва ўзросце дванаццаці гадоў апынуўся ў гета, потым у працоўным лагеры Навагрудка. Пасля ўцёкаў, учыненых вязнямі наваградскага гета, якія заставаліся ў жывых, у верасні 1943 года, далучыўся да партызанаў атрада Бельскіх. На момант заканчэння вайны яму было ўсяго 15 год. Без пальцаў на нагах, Джэк быў адзіным, хто выжыў з іх сям’і.

     Джэк Каган размясціўся ў Лондане. У 1952 годзе заснаваў сваю першую кампанію па вытворчасці канцылярскіх тавараў пад назвай Leor Plastics і зарабіў на гэтым добры стан. Джэк Каган не меў вышэйшай адукацыі. Ён зарабіў мільёны, выкарыстоўваючы толькі ўласны практычны розум. Да запаўнення прабелаў у адукацыі прыступіў толькі калі прадаў свой бізнэс, дарэчы, кітайцам. На той момант яму было ўжо каля 70 год. Тады ж разам са стрыечным братам Довам Коэнам ён пачаў пісаць кнігу ўспамінаў Surviving the Holocaust with the Russian Jewish Partisans. Цяпер іх кніга перакладзена на беларускую, рускую, нямецкую і французскую мовы. У 1955 годзе ажаніўся з Барбарай Стэйнфельд. Усё жыццё займаўся вытворчасцю. Жыў разам з жонкай у Лондане, побач з унукамі і двума са сваіх траіх дзяцей.

 Былы вязень гета шмат зрабіў для таго, каб мы, сучасныя наваградчане, не забываліся пра мінулае. Пры ўдзеле Джэка Кагана адрэстаўраваны яўрэйскія могілкі. Дзякуючы яго садзейнічанню ў 90-х гадах былі пастаўлены помнікі ахвярам генацыду на месцах масавых растрэлаў людзей. Каган стаў ініцыятарам стварэння на месцы аднаго з гета (ДПТВ-193) мемарыяла ахвярам Халакоста. Ідэя мемарыяла набыла канкрэтную форму ў 2007 годзе: на тэрыторыі прафесійна-тэхнічнага вучылішча быў адкрыты ўнікальны музей  яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку. У цяперашні час мемарыял прадстаўлены ў выглядзе захаванага барака з маленькімі акенцамі, дзе тры доўгія гады жылі і паміралі людзі. У 2009 годзе Д. Каган прыехаў у Беларусь на запрашэнне прэзідэнта А.Г. Лукашэнку ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў. Яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Навагрудка.

Нягледзячы на ўсе жахі вайны і тое, што тут ён страціў усю сваю сям’ю, Джэк захаваў любоў да роднага горада. Ён прыехаў у Навагрудак праз 45 гадоў эміграцыі, устанавіў помнікі на месцах трох масавых растрэлаў і дапамог адкрыць Музей яўрэйскага супраціўлення, каб захаваць памяць аб яўрэях Навагрудка і ўвекавечыць памяць загінуўшых. Па яго ініцыятыве і пры самым непасрэдным удзеле выхадцы з Навагрудка ў Ізраілі сабралі грошы, на якія былі абгароджаны яўрэйскія могілкі, якія часткова захаваліся, і ўстаноўлена стэла ў памяць аб 500-гадовай гісторыі наваградскай яўрэйскай абшчыны.

Ён хацеў, каб аб супраціўленні габрэяў Навагрудка, аб уцёках вязняў гета праз тунэль і аб атрадзе Бельскага даведаўся ўвесь свет.

У ізраільскім музеі барацьбітоў гета Бейт Лахамей ха-Геттаот быў створаны макет наваградскага працоўнага лагера, з якога вязні будавалі свой тунэль.

У Імперскім ваенным музеі ў Лондане можна было нават прапаўзці пару метраў пад макетам наваградскага гета ў вузкай прасторы, якая адпавядае памерам тунэля, пабудаванага вязнямі. Экспазіцыя, якая расказвае пра тунэль і ўцёкі, была створана па ініцыятыве і на сродкі Джэка Кагана

18 снежня 2016 года ў Лондане ва ўзросце 86 гадоў памёр Джэк Каган – былы вязень Навагрудскага гета, арганізатар і актыўны ўдзельнік працы па ўшанаванні памяці ахвяр фашысцкага генацыду яўрэяў у перыяд Халакоста ў Навагрудку.

Бібліяграфія:

  1. Вяршыцкая, Т. Р. Боль і гнеў. Халакост і Супраціўленне ў Навагрудку = Боль и гнев. Холокост и Сопротивление в Новогрудке = Pain and anger. Holocaust and Resistance in Novogrudok / Т. Р. Вяршыцкая. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2019. – 141, [2] с.. – (Беларусь. Трагедыя і праўда памяці)
  2. Каган, Дж. Холокост и сопротивление на родине Адама Мицкевича / Джек (Идель) Каган, Дов Коэн (Берл Каган) ; перевод с английского Тамары Вершицкой. – Москва : Возвращение, 2011. – 344с.
  3. Каган, Д. Через туннель к еврейским партизанам [Текст] = Through the tunnel Jewish Partisans / Джек (Идель) Каган. – Мн. : Юнипак, 2007. – 32с.
  4. Каган, Д. Як мы перажылі Халакост з яўрэйскім партызанскім атрадам у Беларусі [Текст] : дакументальная аповесць / Вяршыцкая,Т ; Дж.Каган,Д.Коген ; пер. с англ. Т.Вяршыцкай. – Мн. : Медысонт, 1999. – 308с.

Добавить комментарий