Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч (1546—1616)

Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч — першы беларускі мемуарыст. Жыццё і дзейнасць Фёдара Еўлашоўскага (1546—1616), пісьменніка, грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, непасрэдна звязаны з Навагрудчынай. Ён стаў адным з заснавальнікаў новага напрамку гістарычных крыніц — мемуараў. На сённяшні час яго мемуары найстарэйшыя з тых, што захаваліся да нашага часу, а Ф. Еўлашоўскі лічыцца першым беларускім мемуарыстам. Пачаў ён іх пісаць у 1603 годзе у сталым узросце — у 57 гадоў. Першая старонка рукапісу з загалоўкам не захавалася, таму яго мемуары даследчыкі называюць «дзённікам», «успамінамі», «гістарычнымі запіскамі». Навізна «Гістарычных запісак» яшчэ і ў тым, што ў адрозненне ад больш ранніх летапісцаў, якія прытрымліваліся афіцыйнага пункту гледжання на падзеі, аўтар маляўніча распавядае пра тое, што яму самому давялося пачуць, перажыць або назіраць.

Нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі 7 лютага 1546 года ў мястэчку Ляхавічы тагачаснага Навагрудскага ваяводства (зараз раённы цэнтр Брэсцкай вобласці). Яго бацька Міхаіл — прадстаўнік  даўняга баярскага роду, які з часам збяднеў, але пры фарміраванні шляхецкага саслоўя здолеў атрымаць набілітацыю, карыстаўся ўласным гербам. Паколькі яго нараджэнне прыпадала на дзень Святога Фёдара, у яго гонар ён атрымаў сваё імя. 3 гэтага факта і пачынаюцца яго мемуары, якія носяць аўтабіяграфічны характар. Так, аўтар узгадвае, што гаварыць пачаў толькі на чацвёртым годзе, «а на пятым годзе пачалі мяне бавіць навукаю рускаю, бо ў тыя часы ў той нашай старане не было яшчэ іншых навук. I тому прыйшлося мне застацца з рускай і польскай навукай і па-яўрэйску пісаць умеў». Шляхам самаадукацыі Ф. Еўлашоўскі набыў добрыя веды па матэматыцы, справаводству і праву. Пазней трапіў на Лівонскую вайну, прымаў удзел у баявых дзеяннях. У васемнаццацігадовым узросце пакінуў ваенную службу, паколькі, як ён пісаў, ад яе для Рэчы Паспалітай няма ніякай карысці. Развітаўшыся з ваеннай службай, перайшоў у двор Яна Хадкевіча. Жыццё Фёдара Еўлашоўскага супала са значнымі падзеямі ў жыцці народаў Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Так, у 1569 годзе на Люблінскім сойме было абвешчана пра аб’яднанне Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў Рэч Паспалітую (у пасяджэннях сойма прымаў удзел і Ф. Еўлашоўскі). 25 гадоў працягвалася Лівонская вайна (1558—1583), было паўстанне С. Налівайкі, у 1596 годзе абвешчана Брэсцкая царкоўная унія — усе гэтыя падзеі ўзгадваюцца ў яго «Гістарычных запісках». Сярод герояў «Гістарычных запісак» Ф. Елашоўскага ёсць рэальныя гістарычныя асобы — Жыгімонт Аўгуст, Стафан Баторый, Ян Караль Хадкевіч, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Сямён Слуцкі і інш. Распаўсюдзіўся ў той час і рэфармацыйны рух, які даў пачатак новай разнавіднасці хрысціянства — пратэстантызму. Ф. Еўлашоўскі пры ўсёй сваёй рэлігійнасці, якая добра выяўляецца на старонках мемуараў, не захаваў вернасці праваслаўнаму веравызнанню бацькоў. Захапіўшыся вучэннем пратэстантаў, ён стаў прыхільнікам кальвіністаў (евангелістаў). У пачатку XVII стагоддзя Ф. Еўлашоўскі адчуваў ужо рэлігійную нецярпімасць, якая прыйшла на змену ранейшай рэлігійнай талерантнасці. Аналізуючы ўсе гэтыя падзеі ў сваіх мемуарах, ён першы назваў сярэдзіну XVI стагоддзя «залатым векам». Аўтар мемуараў ганарыўся тым, што быў даверанай асобай буйных феадалаў. 3 яго успамінаў даведваемся, што вялікі князь і кароль Стафан Баторый у 1577 годзе прызначыў яго пінскім і сервецкім мастаўнічым. Працяглы час Ф. Еўлашоўскі займаецца гаспадарчай дзейнасцю, ажыццяўляе збор падаткаў, інвентарызуе маёнткі, што належалі манарху. Затым выконвае абавязкі судовага абвінаваўцы, выбіраецца на пасаду падсудка Навагрудскага павета (1592—1613), удзельнічае ў якасці пасла на шматлікіх сойміках у розных гарадах. Разам з навагрудскім суддзёй А. Трызнам яму было даручана прыняць удзел у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала» — статута Вышэйшага апеляцыйнага суда Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, пасяджэнні гэтага Трыбунала праходзілі ў Навагрудку з 1581 года праз кожныя два гады. У сваіх мемуарах Ф. Еўлашоўскі хоць і даў шмат гістарычных фактаў, але не закранаў падрабязна пытанняў вялікай палітыкі, бо лічыў яе кампетэнцыяй знатных паноў. Ён звычайна толькі канстатаваў сам гістарычны факт, падзею. У асноўным аўтар запісваў звесткі пра сваё жыццё, свае асабістыя ўражанні ад падзей, што стала пачаткам новай мастацкай традыцыі ў беларускай літратуры. Часам узгадвае Ф. Еўлашоўскі іншыя прыродныя з’явы. Напрыклад, у лютым 1577 года з’явілася камета на ўсходзе сонца і была доўгі час. Зімою 1585 года зіма была вельмі цёплая: «быдла на полі выходзіла і на калёсах ездзілі». А вось 20 мая 1594 года выпала шмат снегу, які ляжаў тры дні. Ад таго холаду і вялікага ветру памерла шмат людзей. Аўтар апісвае таксама свае цялесныя пакуты і лячэнне рознымі сродкамі ад хранічнай хваробы, «што дактары называюць «інкубусам», якую набыў, калі заразіўся ў Вільні ў 1566 годзе ў час эпідэміі, і якая на працягу яго далейшага жыцця праяўлялася галюцынацыямі, ліхаманкай, стратай прытомнасці. У тым жа годзе, як піша аўтар, эпідэмія была і ў Навагрудку. Тут варта падкрэсліць, што пра падзеі, якія звязаны з Навагрудкам і бліжэйшымі мясцінамі, Ф. Еўлашоўскі ўзгадвае (па падліках аўтара) 15 разоў. Піша пра пасвячэнне свайго бацькі ў Навагрудку на епіскапства ў Пінску, пра пажар у Навагрудку ў 1578 годзе, калі «ўначы ад стадолы Андрэя Іванавіча, пісара яго каралеўскай міласці, згарэла дамоў 12». Восенню 1590 года ў розных мясцінах, у тым ліку і ў Навагрудку, была «моравая пошасць» (эпідэмія). Паўтарылася эпідэмія ў горадзе і павеце і ў 1603 годзе. Цікавым падаецца апісанне Ф. Еўлашоўскім выпадку «парушэння людской практыкі» Так, у Навагрудскім павеце вельмі добры чалавек Альбрыхт Кавячынскі ў 1589 годзе аддаў замуж адным вяселлем адразу трох сваіх дачок. Сыноў ён не меў, толькі шэсць дачок, і казаў, што яму так лепей, што на ўсё «воля Божая». Аднак «людзі паспалітыя» зыходзілі з практыкі, што нядоўга быць шлюбу «так аднаго дня аддадзеных». Хутка памёр старэйшы зяць, а праз чатыры гады — яшчэ два зяці. Аўтар мемуараў заўважае, што «трэба паважаць голас людскі паводле адной прымаўкі «вокс популі — вокс дэі» («голас народа — голас Бога». —М. Г.). Сам Фёдар Еўлашоўскі ажаніўся на 32-м годзе жыцця з Ганнай Балатоўнай, продкі якой паходзілі з Маскоўскай дзяржавы. Як ён піша: «Меў я з яе добрую жонку. …пыхі і злыя думкі, відаць, ніколі да яе сэрца не ўступалі. Да ўбогіх, хворых, засмучаных людзей любага міласэрдзя была…». Аднак, гледзячы на ix спакойнае, ціхае і вясёлае жыццё, некаторыя людзі, «у зайздрасць упадаючы», размовамі, а нарэшце, і чарамі перашкодзіць гэтаму стараліся». У сям’і нарадзілася 14 дзяцей: 9 сыноў і 5 дачок. Адзін з сыноў — Ян загінуў (быў забіты), і аўтар мемуараў вельмі эмацыянальна апісвае свае пачуцці. Піша і пра замужжа, жаніцьбу сваіх дзяцей. Завяршаюцца мемуары падзякай Богу за яго дары. Рукапіс мемуараў Ф. Еўлашоўскага захоўваецца сёння ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. Упершыню ён быў апублікаваны (са значнымі папраўкамі) у 1886 годзе ўкраінскім гісторыкам У. Антановічам, які назваў іх «Дзённікам». На сённяшні час мемуары апублікаваны і ў Беларусі, як у арыгінале на старабеларускай мове, так і часткова ў перакладзе на сучасную мову. «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага — выдатная гістарычная крыніца і вельмі каштоўны помнік нацыянальнай пісьмовай культуры.

Добавить комментарий