Каўцэвіч Мікалай Мікалаевіч

novyj-risunok Каўцэвіч Мікалай Мікалаевіч (1897-1949) – беларускі фізік, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР.

Нарадзіўся Каўцэвіч М. М. 23 жніўня 1887 года ў мястэчку Любча Навагрудскага павета ў вялікай сям’і, дзе было васьмёра дзяцей. Бацька яго Мікалай Анастасьевіч працаваў настаўнікам, маці Ганна Іванаўна займалася выхаваннем дзяцей.

Закончыўшы Навагрудскую пачатковую школу, Мікалай паступае ў Віленскую гімназію, затым пераводзіцца ў Мінскую класічную гімназію. Паспяхова яе заканчвае ў 1909 годзе. У гэтым жа годзе паступае на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага універсітэта.

Затым была служба ў армії, праца ў харчовай камісіі, выкладанне матэматыкі.

У 1922 годзе Мікалай Мікалаевіч вяртаецца на радзіму ў Беларусь,  выкладае ў політэхнічным інстытуце, у інстытуце сельскай гаспадаркі.

У 1925 годзе ў біяграфіі – новы паварот: ён пераязджае ў  Горкі. Тут становіцца выкладчыкам сельскагаспадарчага інстытута на кафедры фізікі. У 1932 годзе яму прысвойваецца званне прафесара.  З 1938 года сумяшчае працу загадчыка ка­федры з пасадай дэкана агранамічнага факультета. Адзін з лепшых лектараў інстытута, клапатлівы дэкан ён усе пытанні вырашаў хутка і кампетэнтна. Нездарма ў 1940 годзе атрымаў узнагароды –ордэн «Знак Пашаны» і Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.

У гады вайны Мікалая Мікалаевіча накіравалі ў Свярдлоўск, дзе ў сельскагаспадарчым інстытуце да лістапада 1944 года працаваў загадчыкам кафедры фізікі. Затым да лета 1945 года – прафесарам кафедры фізікі Маскоўскага гідрамеліяратыўнага інстытута.

У 1945 годзе ў верасні – яшчэ адно вяртанне на Бела­русь: загадам па Міністэрстве сельскай гаспадаркі СССР Мікалай Мікалаевіч Каўцэвіч назначаецца дырэктарам Беларускага сель­скагаспадарчага інстытута. Ён зноў у Горках.

Перад новым кіраўніком інстытута стаяла задача – аднавіць навучальную ўстанову. Карпусы былі разбураны, не хапала выкладчыкаў. Не было мэблі і абсталявання. Цяжкасці, аднак, не спалохалі Мікалая Мікалаевіча. 1 снежня 1945 года больш за дзвесце студэнтаў пачалі навучальны год. Усё навучанне вялося адначасова з работамі па аднаўленню інстытута. Але Мікалай Мікалаевіч ужо тады глядзеў наперад. Пад яго кіраўніцтвам распрацавалі пяцігадовы план развіцця ВНУ.

У лістападзе 1948 года пастановай урада БССР Беларускі сельгасінстытут быў пераўтвораны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У снежні таго ж года адметная падзея ў  жыцці Мікалая Мікалаевіча – яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР.

На жаль, 1 ліпеня 1949 года М. М. Каўцэвіча не стала. Але памяць пра першага рэктара Белсельгасакадэміі, цудоўнага настаўніка і вучонага, жыве у калектыве. У 2001 годзе выйшла брашура, прысвечаная Мікалаю Мікалаевічу Каўцэвічу, ураджзнцу Навагрудскай зямлі.

Бібліяграфія

  1. Каўцэвіч Мікалай Мікалаевіч // Памяць: гіст.-дакум.хроніка Горацкага р-на. – Мн., 1996. – С. 564.
  2. Скаромная, С. Быў рэктарам акадэміі / С. Скаромная // Новае жыццё (Навагрудскага раёна). – 2001. – 29 снежня.