Клышка Анатоль Канстанцінавіч

Клышка Анатоль Канстанцінавіч – беларускі пісьменнік, журналіст, крытык, перакладчык, педагог. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1960). Аўтар беларускага буквара (1969).

Нарадзіўся 16 красавіка 1935 г. у вёсцы Данейкі (на той час у складзе Навагрудскага ваяводства) Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сельскай сям’і . Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1949-1952). Працаваў карэктарам у наваградскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром газеты «Фізкультурнік Беларусі».

Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958). Працаваў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 – інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 – супрацоўнік рэдакцыі часопіса «Полымя».

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960).

У 1961–63 – старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля ў «Полымі» – літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 – загадчык лабараторыі навучання грамаце, потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981–1983 – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986–1990 – загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя».

Быў сярод арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (1989), дзе ўзначальваў камісію па культуры мовы.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і многімі іншымі. Заслужаны работнік культуры.

Творчасць

Дэбютаваў вершам у 1950 у навагрудскай газеце. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 г. У 1967 выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш». Аўтар «Буквара» (1969, 23 выданні), «Пропісаў да «Буквара» (1969, 4 выданні), «Пропісаў для 1 класа» (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа «Верасок» (1978, 3 выданні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 класа школ з рускай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).

Яго мастацкія творы адметныя арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю.

Аўтар «Буквара» (1969) і іншых падручнікаў і дапаможнікаў, дзіцячых кніг. Кнігі перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую мовы.

Добавить комментарий