Лецка Яўген Рыгоравіч

thumb_1Празаік, крытык, перакладчык Яўген Лецка нарадзіўся 20 красавіка 1944 г. у вёсцы Пабрэзе Наваградскага раёна. На грамадзянска-палітычныя пачуцці пісьменніка вельмі паўплываў бацька, які быў сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

Па заканчэнні Нягневіцкай сярэдняй школы ў 1962 г. Яўген паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (падчас навучання працаваў на заводзе, а таксама настаўнічаў). Пасля універсітэта быў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання ў г. п. Карэлічы. Друкавацца пачаў у мясцовай раённай газеце “Полымя”. У 1971 г. Яўген Лецка закончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. Кандыдат  філалагічных навук (1980). У 1971–1986 гг. Працаваў у інстытуце  Акадэміі навук Беларусі, у 1986–1997 – у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, з 1993 г. – дырэктар выдавецтва “Бацькаўшчына”. З 1999 г. – сябра рэдкалегіі, загадчык аддзела газеты “Голас Радзімы”. У 1990–1993 гг. узначальваў Раду Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Яўген Лецка – аўтар аповесцяў “Па цаліку” (1977), “Дарога ў два канцы” (1981), якія вызначаюцца псіхалагізмам, добрым адчуваннем мовы. Як літаратуразнаўца даследуе мастацкія  адметнасці, стыль сучасных беларускіх празаікаў, узаемадзеянне літаратуры і чытача ( “Выхаваўчая роля літаратуры”, 1980; “Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка”, 1985). Складальнік літаратурна-краязнаўчага зборніка “Вобраз” (1981), зборнікаў апавяданняў маладых пісьменнікаў “Цяпло на першацвет” (1985), “Акно ў зялены сад” (1988), кніг твораў Міколы Дзяшкевіча (1991), Лукаша Калюгі (1992), Андрэя Мрыя (1993) і інш.

Акрамя гэтага Яўген Лецка – аўтар дакументальнага фільма пра Янку Купалу, перакладаў з украінскай мовы. Выступае ў перыядычным друку з нарысамі і артыкуламі пра экалогію, стаўленне да роднай мовы…

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1977 г.

Яўген Лецка зарэкамендаваў сябе як шматабяцаючы крытык, шчыры і зацікаўлены голас якога пачулі – і чытач, і літаратура.

У нарысе “Вяртанне да жыцця” ён апавядае аб творчай спадчыне мастака Васіля Рамановіча з Карэліч. Вось што ён піша аб продках мастака: “Пад час урачыстасцяў я пацікавіўся, адкуль бацькі Васіля Рамановіча і пачуў неспадзявана прыемны для сябе і для прысутнага Кастуся Качана адказ, што Рамановічаў род паходзіць з вескі Падкасоўе, цяперашняга наваградскага раёна. Вёска тая, калі ехаць з Карэлічаў праз Шчорсы ў Навагрудак стаіць на паўдарозе паміж Кастусёвым Лаўрышывам і маім Пабрэзем.”

У аповесці “Па цаліку” прагучаў і голас маладога празаіка Яўгена Лецкі, адметны добрай моваю, адчуваннем нацыянальных псіхалагічных рыс, жаданнем і гатоўнасцю гаварыць пра сапраўды важнае – чым жыве час, народ жыве. І яшчэ – культураю, веданнем і таго, чым жывуць і іншыя літаратары. Крытык Лецка не перашкаджае, а дапамагае Лецку – празаіку.

Аповесць “Па цаліку” прысвячаецца жыццю працоўных Заходняй Беларусі. Аўтар ведае жыццё гэтага краю, побыт людзей, іх норавы. Праўдзіва імкнецца паказаць усё гэта. Яго цікавіць чалавек, самы звычайны чалавек-працаўнік, які любіць прыроду, любіць жыццё, ніколі не цураецца працы. Ён творца жыцця. Але не заўседы лёс падуладны чалавеку, не заўседы яму спрыяе. Адчуванне нацыянальнай псіхалогіі дазволіла Яўгену Лецку стварыць жыццёва пераканальны, духоўна змястоўны народны характар.

Аповесць “Дарога ў два канцы” ў пэўнай меры з’яўляецца працягам папярэдняй “Па цаліку”.

Дарога… У яе  заўседы  два канцы. Для Алеся Пташака – галоўнага героя аповесці – яна ў той дзень пачалася ў Мінску, а закончылася ў Навагрудку. Але ў больш шырокім плане дарога гэтая дзякуючы ўспамінам і пра маленства, і пра юнацтва, пра ўсе пачутае і перажытае, дала магчымасць сказаць пра важнае ў нашым жыцці, паказаць станаўленне характару маладога сучасніка, абуджэння ў ім кахання да роднай зямлі, грамадзянскага самаўсведамлення.

 

Бібліяграфія:

Творы.

  1. Лецка, Я. Беларуская літаратура за годы савецкай улады: метадычныя парады лектарам / Яўген Лецка // Мн.: 1973
  2. Лецка, Я. Па цаліку: аповесць / Яўген Лецка // Мн., 1977
  3. Лецка, Я. Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе / Яўген Лецка // Мн., 1979
  4. Лецка, Я. Выхаваўчая роля літаратуры / Яўген Лецка // Мн., 1980
  5. Лецка, Я. Дарога ў два канцы: аповесць / Яўген Лецка // Мн., 1981
  6. Лецка, Я. Хараство і боль жыцця: нарыс творчасці Вячаслав Адамчыка / Яўген Лецка // Мн., 1985
  7. Лецка, Я. І ў Фларыдзе Наваградчына сніцца / Яўген Лецка // Народная воля. – 2000. – 4-5 студзеня
  8. Лецка, Я. Звіняць мячы харалужныя / Яўген Лецка // Літаратура і мастацтва. – 2003. – 7 ліпеня
  9. Лецка, Я. Водгулле вячыстай славы / Яўген Лецка // Голас Радзімы.– 2003.– 26 лістапада
  10. Лецка, Я. Велічная постаць Вітаўта Вялікага (1350 – 1430) / Яўген Лецка // Літаратура і мастацтва. – 2000. – 3 жніўня;
  11. Лецка, Я. Вяртанне з забыцця / Яўген Лецка // Літаратура і мастацтва. – 2001. – 7 лістапада
  12. Лецка, Я. Вяртанне на заўсёды / Яўген Лецка// Голас Радзімы. – 2001. – 9 лістапада
  13. Лецка, Я. Нашчадак Бога Гефеста / Яўген Лецка // Голас Радзімы. – 2002. – 13 сакавіка
  14. Лецка, Я. Наваградцы на вятрах часу / Яўген Лецка // Голас Радзімы. – 2003. – 1-8 студзеня.

 

Літаратура аб жыцці і творчасці

  1. Андраюк, С. Жыць чалавекам: літаратурна-крытычныя артыкулы: [ у т.л. і пра аповесць Я. Лецка “Па цаліку” ] / Серафім Андраюк – Мн., 1983. – С. 78-81
  2. Гілевіч, В. Па дарозе творчасці / В. Гігевіч // Літаратура і мастацтва. – 1982. – 12 лістапада
  3. Каваленка, В. Вечная веліч праўды жыцця: (палемічныя нататкі) // Вобраз – 83. – Мн., 1983
  4. Каваленка, В. Сучаснасць і літаратура: герой, ідэйнасць, майстэрства // Полымя. 1985. – № 7;
  5. [ пра аповесць “Па цаліку” ] // Канэ, Ю. Плынь / Юлія Канэ Мн., 1983. – С. 123-125;
  6. Канэ, Ю. Якімі мы былі – якімі мы станем / Юлія Канэ // Полымя. – 1981. – № 8;
  7. Яўген Лецка // Пісьменнікі савецкай Беларусі: кароткі даведнік.– Мн.: 1981.– С. 208-209
  8. [аб некаторых аповесцях Я.Лецка ] // Савік, Л. Каб не стыла цяпло зямлі / Лідзія Савік – Мн., 1984.– С. 53-55;
  9. Сініца, П. Вобраз нашага сучасніка // Літаратура і мастацтва. – 1973. – 13 ліпеня;
  10. Тычына, М. На службе часу // Літаратура і мастацтва. – 1973. – 17 лютага;
  11. Тычына, М. Координаты поиска: Заметки о молодой белорусской прозе // Неман. – 1979. – №4;
  12. Атрашкевіч, В. Дарога шляху: [рэцэнзія на кнігу Я. Лецкі “Па цаліку”]// Літаратура і мастацтва. – 1977. – 9 снежня;
  13. Васілевіч, А. Багацее проза, багацее: [рэцэнзія на кнігу Я. Лецкі “Па цаліку”] // Полымя. – 1982. – № 9;
  14. Жук, І. Калі вяртаемся да сябе: [рэцэнзія на кнігу Я. Лецкі “Дарога ў два канцы”] / І. Жук // Маладосць. – 1982. – №10.