Сыракомля Уладзіслаў

cf7Сапраўднае імя Кандратовіч Людвік Францішак Уладзіслаў. Паэт, драматург, перакладчык, крытык, краязнавец. Нарадзіўся 29 верасня 1823 года ў фальварку Смольгава Бабруйскага павета Мінскай губерні, цяпер вёска Смольгава Любанскага раёна Мінскай вобласці. Паходзіў са шляхецкага роду герба “Сыракомля”, назву якога ўзяў за псеўданім. У 1833 паступіў вучыцца ў павятовую школу пры дамініканскім кляштары ў Нясвіжы. Але ў 1835 улады зачынілі школу і прыйшлося давучвацца ў дамініканскай школе ў Навагрудку (1836-1837). У 1841 г. уладкаваўся на службу ў канцылярыю радзівілаўскіх маёнткаў. У 1844 пасля жаніцьбы пераехаў у арандаваны маёнтак Залуча (цяпер Стаўбцоўскі раен). Гэта быў плённы перыяд у яго творчасці. Напісаў паводле пачутай у Міры гісторыі “народную гутарку” “Паштальён”, якая зьявілася дэбютам Сыракомлі ў друку (1844). Праз пераклад Л.Трэфалева гэты верш стаў надзвычай папулярнай у Расіі песняй “Когда я на почте служил ямщиком…” У верасні 1852 пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. У красавіку 1853 пачаў арэндаваць фальварак Барэйкаўшчына каля Вільні. З твораў, напісаных па-беларуску, да нас дайшлі толькі два – верш “Добрыя весці” (1848, 1861) і лірычная мініяцюра “Ужо птушкі пяюць усюды…” (1861). У 1856-1858 неаднаразова выязжаў у Варшаву і Познань (Прускае каралеўства). Пасля гэтых паездак за Сыраколяй быў устаноўлены сакрэтны нагляд. У красавіку 1861 выступіў на патрыятычнай маніфестацыі ў Коўне з вершамі. Выехаў у Варшаву, а на зваротным шляху быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме. Знаходзіўся пад арыштам каля месяца. Вызвалены пад нагляд паліцыі. Памёр 15 верасня 1862 года, у час следства. Пахаваны на віленскіх могілках Роса.

 

Бібліяграфія

  1. Бел. пер.: Выбр. тв. Мн., 1966
  2. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах: Успаміны, даследаванні гісторыі і звычаяў. – Мн., 1992
  3. Мінск. Мн., 1992
  4. Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка. – Мн., 1993.
  5. Цвірка К. Слова пра Сыракомлю. – Мн., 1975
  6. Мархель У. Лірнік вясковы. Мн., 1983
  7. Сыракомля Уладзіслаў // Беларускія пісьменнікі: даведнік. – Т. 5
  8. Сыракомля Уладзіслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Т. 6-1.