
Старэйшая беларуская паэтэса Ніна Тарас належыць да кагорты заходнебеларускіх паэтаў у беларускай літаратуры. За яе плячыма дзесяцігоддзі знешне някідкай, але натхнёнай працы ў літаратуры. Аматары традыцыйнай беларускай паэзіі ведаюць песню “Што ж ты мне сэрца параніў” (музыка І. Сушко), напісаную на верш Н. Тарас “Сонца за хмаркамі ўранні…”. Такіх цёплых, пяшчотна-чуллівых вершаў у паэтэсы шмат. Яны захапляюць, кранаюць нягучным, але прачулым сардэчным лірызмам.
Мая ціхая песня дубраўная,
Не святочная,
Не былінная,
З росных травак-былінак сабраная,
Медунічная
І палынная.
“Мая ціхая песня дубраўная…”
Нарадзілася Н. Тарас у вёсцы Заполле на Навагрудчыне ў сялянскай сям’і. Сапраўднае прозвішча бацькі было Жданук, але ён памяняў яго на Тарас, якое і перадаў сваім дзецям. Нягледзячы на тое, што дастатак у сям’і быў невялікі, бацька адправіў дачку вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. У Вільні Н. Тарас пазнаёмілася з М. Танкам. Дзякуючы яму ў 1936 г. у газеце “Наша воля” быў апублікаваны яе першы верш “Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш…”. Пасля заканчэння ў 1936 г. гімназіі Н. Тарас марыла паступіць у Віленскі універсітэт, але складаныя матэрыяльныя ўмовы не дазволілі ёй вучыцца далей. Пачаліся пошукі працы. У гэты ж час Н. Тарас далучылася да рэвалюцыйнага падполля, а пасля ўз’яднання Беларусі ўпершыню атрымала сталую працу ў рэдакцыі лідскай раённай газеты “Уперад”. У 1940 г. Н. Тарас была прынята ў Саюз пісьменнікаў. У гэтым жа годзе пабачыў свет яе першы зборнік вершаў “На ўсход ідучы…”. У час Вялікай Айчыннай вайны паэтэса была сувязной партызанскага атрада імя Р. Катоўскага і лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С. Кірава. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пасля вайны Н. Тарас пераехала ў Мінск. Выйшаў з друку яе другі зборнік “Суніцы” (1946). Працавала ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі (1945–1946), у рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі” (1951–1953), літкансультантам пры газеце “Звязда”. У 1957 г. Тарас закончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве і больш на дзяржаўную працу не вярнулася, а цалкам прысвяціла сябе літаратурнай творчасці. Паэтычных кніг у Н. Тарас не шмат. Акрамя ўжо згаданых выйшлі яе зборнікі “Вершы” (1952), “Кветка шчасця” (1958), “Пад белым яварам” (1966), “У тапаліную замець” (1976), “Праметэю прыйду пакланіцца” (1981), “Праз вятры-завеі” (1986), а таксама кніжкі для дзяцей “Казкі пра абавязкі” (1955) і “Наш бор” (1968). Усе названыя зборнікі ўключаюць шмат з напісанага ёй у заходнебеларускі перыяд, у вайну і пасляваенныя гады. Гэта вершы, у якіх паэтычна і прачула перададзены боль і пакуты, трывогі і спадзяванні заходніх беларусаў, іх імкненні прабіцца праз вятры-завеі (“На бруку”, “Пад сырой сцяной”, “Замятае снегам”, “За кудзеляй”); пранікнёна, па-мастацку ўзрушана паказана тое гора, што прынесла на беларускую зямлю вайна (“Слоў няма, каб цяпер гаварыць…”, “Раскідаў вецер спелае калоссе”, “У нямеччыну”, “Суніцы”, “Супакойся”). Нямала ў паэтэсы і вершаў пра каханне – цёплых, шчырых, надзвычай спавядальных, настраёвых. Паэзія Н. Тарас аўтабіяграфічная ў самым лепшым сэнсе гэтага слова, сапраўдны летапіс жыцця жаночай душы. Сіла яе лірыкі – “у душэўнай чысціні, у даверлівасці інтанацый, выяўленні душы тонкай, чалавечай, адкрытай…”*. Прыцягальная сваім прачулым лірызмам, паэзія Н. Тарас шчодрая на глыбокія чалавечыя пачуцці.
Ссылки: 1. “Партизаны Беларуси”: специальный проект Издательского дома “Беларусь сегодня” и Национального архива Республики Беларусь
2. Интернет-портал Museum.by
Бібліяграфія:
- Баўтрэль, І. Ніна Тарас: знаёмая і незнаёмая / Інеса Баўтрэль // Роднае слова. — 2026. — № 5. — С. 13— 16.
- Беларуская літаратура : гісторыя і сучаснасць / А. І. Бельскі. – Мінск, 2005. – С. 107—117.
- Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2002. – Т. 15. – С. 435.
- Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2011 год : (на матэрыяле Гродзеншчыны) / падрыхтоўка тэксту А. Пяткевіча ; рэдактар С. Суднік. – Гродна, 2010.
- Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [складальнік А. К. Гардзіцкі]. – Мінск, 1994. – С. 532.
- Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. – Мінск, 1995. – Т. 6. – С. 62.
- Грынь, І. Нашы землякі : пра мясцовых дзеячоў і ўраджэнцаў Навагрудчыны / І.Грынь // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). — 2010. — С. 352—373.
- Карлюкевіч, А. Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі / Алесь Карлюкевіч ; фота // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 30 снеж. — С. 10.
- Літаратура і мастацтва. – 2004. – 5 сакавіка (№ 10). – С. 7.
- Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік / Аляксей Пяткевіч ; Гродзен. дзярж. ун-т імя Я. Купалы. – Гродна, 2000. – С. 295.
- Мікуліч, М. Праз вятры-завеі … : Ніна Тарас і яе паэзія / Мікола Мікуліч // Полымя. — 2026. — № 5. — С. 90—98.
- Навагран, В. “Прачнуўся вецер …” / В. Навагран // Новае жыццё (Навагрудскі раён). — 2026. — 28 лют. — С. 7.
- Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі / Алесь Карлюкевіч. – Мінск, 2023. – С. 84—86.
- Паэзія і час : літаратурна-крытычныя артыкулы, творчыя партрэты / Алег Лойка. – Мінск, 1981. – С. 212—220.
- Самахвалаў, Дз. Нина Тарас — рупліўца з Заполля / Самахвалаў Дз. // Роднае слова. — 2026. — № 5. — С. 17.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 241.
- Янка Купала : энцыклапедыя : [у 3 т.]. – Мінск, 2018. – Т. 3. – С. 268—269.