Зяльдовіч Якаў

Прафесар—анатам Якаў Барысавіч Зяльдовіч нарадзіўся ў 1869 г. у Навагрудку. Закончыўшы ў 1893 г. медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта, ён на працягу некаторага часу працаваў у шахцёрскім пасёлку. Аднак праца там не магла задаволіць яго навуковыя патрэбы, і Зяльдовіч пераязджае ў Пецярбург. Для свайго прафесійнага ўдасканалення ён выбірае Абухаўскую бальніцу для горнарабочых.

         У 1896 г. абараніў доктарскую дысертацыю. А праз год выязджае з экспедыцыяй у Туркестан для барацьбы з эпідэміяй чумы. У 1898—1900 гг. зноў удзельнічае ў двух медыцынскіх экспедыцыях, якія выязджалі на ўскраіны Расіі. Там таксама вядзе навуковую работу. З 1901 г. працуе на кафедры анатоміі ў Пецярбургскім жаночым медыцынскім інстытуце.

У перыяд першай сусветнай вайны, не пакідаючы педагагічнай дзейнасці, кіраваў адным з буйнейшых лазарэтаў для раненых у Пецярбургу. Яго пяру належыць нямала цікавых, практычна важных хірургічных работ.

         У 1922 г. працуе ў Ленінградскім інстытуце медыцынскіх ведаў як кіраўнік кафедры анатоміі.

         Прафесар Зяльдовіч адзін з першых у СССР прымяніў рэнтгенаўскі метад даследавання ў выкладанні анатоміі. Ён стварыў анатамічную школу, з якой выйшла нямала выдатных спецыялістаў.

         У суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны Якаў Барысавіч праявіў сябе патрыётам, застаўшыся з невялікай групай студэнтаў у блакадным Ленінградзе. Будучы ў старэйшым узросте, ён не спыняў навукова-педагагічнай работы.

         За заслугі перад Радзімай прафесар Я. Б. Зяльдовіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, яму прысвоена званне “Заслужаны дзеяч навукі РСФСР”.

Памёр Я. Зяльдовіч у 1949 г.

Бібліяграфія

  1. Зяльдовіч Якаў : медык, нар. у Наваградку (1869-1949) // М. Нікалаеў Беларускі Пецярбург. — Спб., 2009. — С.124, 308.
  2. Бржэскі, Б. Прафесар Якаў Зяльдовіч / Б. Бржэскі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Навагруд. р-на. —Мінск, 1996. — С.496.

Добавить комментарий